Арганізатары СДМ-2027 аб'явілі конкурс на лепшы гімн сустрэчы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арганізацыйны камітэт Сусветных дзён моладзі 2027 года абвясціў конкурс на гімн будучай сустрэчы, якая адбудзецца ў сталіцы Паўднёвай Карэі пад дэвізам "Будзьце адважнымі! Я перамог свет" (Ян 16, 33). Твор павінен не толькі суправаджаць падзею, але перш за ўсё аб'ядноўваць сэрцы маладых людзей з усяго свету і стаць выразам духу СДМ таксама пасля іх завяршэння.
Гімн СДМ выходзіць за рамкі звычайнага музычнага афармлення – ён будуе пачуццё супольнасці
Арганізатары падкрэсліваюць, што гімн Сусветных дзён выходзіць за рамкі звычайнага музычнага афармлення. Яго роля – інтэграваць удзельнікаў і будаваць пачуццё супольнасці. У Сеуле ён будзе натхнёны евангельскім заклікам, які нагадвае пра перамогу Хрыста і пра мір, якога патрабуе маладое пакаленне ў свеце, пазначаным падзеламі, хуткім тэмпам змен і трывогай.
Форум у Паўднёвай Карэі, краіне сучаснай тэхналогіі і багатай традыцыі, павінен стаць сведчаннем прымірэння і місіі, асабліва ўлічваючы, што хрысціяне не складаюць там большасці.
Конкурс адкрыты для ўсіх, незалежна ад узросту, рэлігіі ці нацыянальнасці. Заяўкі неабходна даслаць да 30 лістапада 2025 года на электронны адрас themesong@wydseoul.org. Кожны ўдзельнік можа прапанаваць максімум тры арыгінальныя кампазіцыі, якія ўключаюць тэкст і музыку.
Аўтар гімна-пераможцы атрымае падтрымку для ўдзелу ў пілігрымцы СДМ-2027
Арганізатары вітаюць разнастайнасць музычных жанраў і заахвочваюць да творчай свабоды. Галоўныя патрабаванні да твораў – яны павінны добра перакладацца на іншыя мовы, падыходзіць для выканання хорам і быць прыдатнымі для харэаграфічнага суправаджэння.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць: запоўненую рэгістрацыйную анкету, кароткае апісанне творчай канцэпцыі, поўны тэкст песні, падпісаную згоду на выкарыстанне твора, а таксама аўдыёзапіс (у фармаце MP3 ці WAV) з галоўнай вакальнай партыяй.
Ацэнцы будуць падлягаць: вернасць тэме СДМ, мастацкая вартасць і арыгінальнасць, прывабнасць і лёгкасць спявання, магчымасць навучання і запамінання, патэнцыял для адаптацыі ў іншых мовах і культурах, а таксама прыдатнасць для харавых аранжыровак і харэаграфіі.
Пераможца конкурсу атрымае памятную ўзнагароду, афіцыйнае прызнанне аўтарства гімна СДМ-2027, а таксама аплачаную паездку для ўдзелу ў сустрэчы моладзі ў Сеуле. Усе падрабязнасці конкурсу і поўныя правілы размешчаны на афіцыйным сайце.