Пошук

Кардынал Анджэла Ачэрбі Кардынал Анджэла Ачэрбі 

Найстарэйшы кардынал святкуе 100-гадовы юбілей

Найстарэйшы кардынал Каталіцкага Касцёла, італьянскі дыпламат Анджэла Ачэрбі, адзначыць свой 100-гадовы юбілей. Ён з'яўляецца чацвёртым кардыналам у гісторыі Касцёла, які дасягнуў такога ўзросту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Анджэла Ачэрбі, які 23 верасня 2025 года святкуе сваё стагоддзе, быў уключаны ў Калегію кардыналаў у кастрычніку 2024 года рашэннем Папы Францішка ў знак прызнання ягоных жыццёвых дасягненняў.

Нарадзіўся Анджэла Ачэрбі 23 верасня 1925 года ў Сэста-Гадана ў італьянскай правінцыі Лігурыя. Атрымаў святарскае пасвячэнне 27 сакавіка 1948 года і быў інкардынаваны ў дыяцэзію Ла-Спецыя. Ягоны шлях у дыпламатыі пачаўся ў 1954 годзе, калі ён распачаў падрыхтоўку ў Папскай касцельнай акадэміі.

Яго дыпламатычная кар'ера дасягнула новага ўзроўню 22 чэрвеня 1974 года, калі Павел VI прызначыў яго пранунцыем у Новай Зеландыі. Біскупскія пасвячэнні ён атрымаў ад самога Папы.

У наступныя дзесяцігоддзі Ачэрбі прадстаўляў Апостальскую Сталіцу ў розных краінах: у Калумбіі (1979-1990), на Венгрыі (1990-1997), адначасова маючы акрэдытацыю ў Малдове з 1994 года. 8 лютага 1997 года ён быў пераведзены ў нунцыятуру ў Нідэрландах, якой кіраваў да выхаду на пенсію 27 лютага 2001 года.

Пасля заканчэння дыпламатычнай службы Анджэла Ачэрбі працягваў актыўную дзейнасць у якасці прэлата Мальтыйскага Ордэна з 2001 па 2015 год.

Нагадаем, што на сённяшні дзень Калегія кардыналаў налічвае 248 іерархаў. 128-мі з іх менш за 80 гадоў і, такім чынам, яны маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.
 

22 верасня 2025, 10:08