Нунцый у Германіі заклікаў біскупаў да еднасці з Пантыфікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Апостальскі нунцый у Германіі заклікаў біскупаў да еднасці паміж сабой і з Папам на пачатку іх пленарнага пасяджэння. "Еднасць – адна з цэнтральных тэм Святога Айца Льва XIV", - падкрэсліў арцыбіскуп Нікола Этэравіч у сваім прывітальным слове, агучаным 22 верасня 2025 года ў Фульдзе. Нунцый спаслаўся на дэвіз Папы: "In Illo uno unum", які азначае: "У Адным, а менавіта ў Хрысце, мы з'яўляемся адзіным цэлым".
Іерарх адзначыў, што за чатыры месяцы свайго пантыфікату Леў XIV неаднаразова выказваўся пра важнасць еднасці, назваўшы яе сваім першым вялікім жаданнем: "Еднасць як знак супольнасці, якая становіцца закваскай для прымірэння свету".
У сваім выступленні нунцый таксама нагадаў пра ролю біскупаў у захаванні еднасці Касцёла. Паводле яго слоў, "біскуп з'яўляецца бачным прынцыпам еднасці ў мясцовым Касцёле, даручаным яму", а адзінства паміж біскупамі і Папам застаецца фундаментам каталіцкай веры.
Нунцый заклікаў біскупаў Германіі ўмацоўваць еднасць не толькі ўнутры Каталіцкага Касцёла, але і з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, цытуючы словы Папы пра "экуменізм крыві" – еднасць хрысціян розных традыцый, якія разам аддаюць сваё жыццё за веру ў Хрыста.
Гэтыя словы прагучалі ў кантэксце бягучай тэалагічнай дыскусіі ў Касцёле ў Германіі адносна благаслаўлення гомасексуальных пар. Старшыня нямецкага епіскапату, біскуп Георг Бэтцынг, падчас свайго выступлення закрануў пытанне паразумення тэалагічных падыходаў у мясцовых Касцёлах і іх адносін з універсальнымі настаўленнямі Пантыфіка.
"Паўсюдная еднасць Касцёла не азначае аднолькавасць. Так ніколі не было і не будзе", - разважаў біскуп Бэтцынг. Паводле яго слоў, важна знайсці гарманічны баланс паміж культурнай разнастайнасцю і захаваннем еднасці ў фундаментальных пытаннях веры.
На мінулым тыдні Папа у інтэрв'ю амерыканскаму парталу "Crux" адзначыў, што не хоча палярызацыі ў Касцёле па тэме адносін да людзей з супольнасці ЛГБТК+. “Натуральна, мы можам благаслаўляць кожнага чалавека, але не трэба ствараць спецыяльныя літургічныя формы для гэтага”, - сказаў ён.
У Фульдзе да 25 верасня 2025 года 58 дыяцэзіяльных і дапаможных біскупаў будуць абмяркоўваць актуальныя тэмы.