Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Змены пробашчаў парафій, вечныя манаскія абяцанні, смерць святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Адышоў у вечнасць ксёндз Ян Варанецкі. 12 верасня 2025 года ва ўзросце 34 гадоў памёр пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах. Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся ў 1991 годзе, паходзіў з парафіі ў Мікелеўшчыне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 2016 годзе. Быў вікарыем парафіі ў Ашмянах, гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Францішка Ксаверыя. У ліпені 2024 года стаў пробашчам ашмянскай парафіі.

Прызначаны новыя пробашчы ў Будславе і Барысаве. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у пачатку верасня здзейсніў персанальныя змены сярод святароў. У прыватнасці, ксёндз Аляксей Раманчук, былы пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве прызначаны пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Замест яго ў Барысаве пробашчам прызначаны ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Былы будслаўскі пробашч ксёндз Дзмітрый Дубовік накіраваны на служэнне ў парафію ў Шэметава.

Беларускі семінарыст даў вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці Місіянераў Святой Сям’і. 8 верасня 2025 года у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Казімежу Біскупім (Польшча) семінарыст Уладзіслаў Варвашэвіч прынёс сваё жыццё ў дар Марыі ў форме вечных манаскіх абяцанняў. 23-гадовы юнак паходзіць з Дзяржынскага раёну, у 2020 годзе быў прыняты ў кангрэгацыю Місіянераў Святой Сям’і і распачаў манаскую і святарскую фармацыю. Працягвае навучацца ў семінарыі ў Казімежу Біскупім.

У Шылавічах адзначылі з удзелам біскупаў стагоддзе з часу смерці святара, які будаваў мясцовы касцёл. 10 верасня 2025 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ўшаноўвалі памяць ксяндза Казіміра Станёніса. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пры ўдзеле біскупа-эмерыта Аляксандра Кашкевіча. Таксама падчас малітвы дзякавалі Богу за беатыфікацыю ксяндза Браніслава Маркевіча, з часу якой адзначаецца 20 гадоў, – ён з’яўляецца заснавальнікам Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала, святары якой служаць у гэтай парафіі. Біскупы ўдзялілі на літургіі сакрамэнт канфірмацыі, да якога прыступілі 50 маладых людзей.

Удзельнікі “Carlo Club” адзначылі кананізацыю святога апекуна клуба Карла Акуціса. 7 верасня 2025 года, калі Касцёл святкаваў гістарычную падзею, удзельнікі мінскага моладзевага клубу IT-энтузіястаў сустрэліся разам у студыі “Радыё Марыя Беларусь”, каб супольна паглядзець трансляцыю святой Імшы з Ватыкана. У студыі падлеткаў чакаў асаблівы падарунак ад дырэктара радыё ксяндза Аляксандра Фаміных – рэліквіі святога Карла Акуціса, якія ён атрымаў у падарунак ад маці святога.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 верасня 2025, 09:57