Гуджэроці: кардынал Мурэшан – узор непахіснай вернасці Хрысту

Жыццё кардынала Мурэшана стала сведчаннем непахіснай веры ў Хрыста, вернасці Касцёлу і пераемніку Пятра, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 верасня 2025 года кардынал Клаўдыё Гуджэроці прыняў удзел у пахаванні кардынала Лучыяна Мурэшана, Вярхоўнага архіепіскапа Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён адзначыў, што спачылы іерарх пакінуў глыбокі след у гісторыі Румыніі і хрысціянскай веры. Ягонае жыццё стала сведчаннем непахіснай вернасці Хрысту, Касцёлу і пераемніку Пятра, нягледзячы на пераслед і цяжкія выпрабаванні. Кардынал Мурэшан змагаўся за свабоду рэлігіі ў часы, калі дзяржаўныя ўлады імкнуліся падавіць веру. Пазней ён таксама быў галоўнай дзеючай асобай адраджэння Грэка-Каталіцкай Царквы ў Румыніі.

Тыя гады нечуваных пакут нагадваюць нам аб тым, што адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам не павінны быць адносінамі падпарадкавання, якія падрываюць свабоду веравызнання, - нагадаў іерарх.

Святы Айцец і ўвесь Каталіцкі Касцёл дзякуюць кардыналу Мурэшану за сведчанне вернасці, пра якое мала што было вядома на Захадзе, - дадаў кардынал Гуджэроці. Ён служыць прыкладам таго, як заставацца верным сваім перакананням нават перад пагрозай смерці. Архіепіскапу Мурэшану і яго субратам прапаноўвалі адрачыся ад веры, каб выратаваць сябе, але яны адмовіліся, выдатна ведаючы, што гэта пацягне за сабой.

Кардынал Гуджэроці назвай надзвычай важнай прысутнасць на пахаванні прэзідэнта і міністраў урада, што сведчыць пра павагу ўсяго румынскага народа і прызнанне вялікага ўнёску кардынала Мурэшана ў рост грамадзянскай свядомасці і абарону годнасці любога чалавечага жыцця. Прысутнасць грамадзянскіх уладаў з’яўляецца таксама прыкметай таго, што ганебныя дзеянні, здзейсненыя ў мінулым, больш не паўтарацца, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Касцёл у Румыніі адчувае глыбокае жаданне жыць у салідарнасці і ўзаемнай павазе як унутры сваёй супольнасці, так і з Праваслаўнай Царквой Румыніі, адносіны з якой становяцца ўсё больш братэрскімі і салідарнымі, нягледзячы на вялікія цяжкасці мінулага, - сказаў кардынал Гуджэроці, пажадаўшы, каб спачылы кардынал Мурэшан і шматлікія сведкі веры, якія жылі на зямлі Румыніі, заступаліся за румынскі народ і дапамагалі яму адчуваць сябе абароненым.

29 верасня 2025, 14:06