Пошук

Кардынал Лучыян Мурэшан Кардынал Лучыян Мурэшан 

Пантыфік дзякуе за ўзорнае сведчанне спачылага кардынала Мурэшана

Папа моліцца аб вечным супакоі для кардынала Лучыяна Мурэшана, Вярхоўнага архіепіскапа Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Іерарх адышоў у вечнасць 26 верасня 2025 года ва ўзросце 94 гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік выказаў сваю блізкасць духавенству і вернікам Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, пастырам і галавой якой быў кардынал Мурэшан, а таксама яго блізкім і ўсім, хто аплаквае спачын іерарха.

“Дзякую Богу за ўзорнае сведчанне гэтага вернага сына Царквы, які не вагаўся нават у час пераследу. З павагай узгадваю цяжкасці і прыніжэнні, якія ён мужна перанёс у гады выпрабаванняў, калі працягваў служыць Хрысту ў душпастырстве, нават рызыкуючы ўласнай свабодай. Яго святарства, пазначанае цярплівасцю і евангельскай адданасцю, сведчыць пра непарушную любоў да Хрыста і Царквы, асвячаючы пакаленні вернікаў”, — напісаў Святы Айцец у спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя епіскапа Крысціяна Думітру Крышана, адміністратара Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, і Сінода епіскапаў гэтай Царквы.

Леў XIV запэўніў у малітве за душу спачылага кардынала, з верай, што, суправаджаны мучанікамі і благаслаўлёнымі Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, ён будзе прыняты ў радасці Вечнага Валадарства.
 

27 верасня 2025, 11:56