Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (@Comunità Sant'Egidio)

У Рыме пройдзе кангрэс па душпастырству пажылых

2-4 кастрычніка 2025 года ў Рыме пройдзе Другі Міжнародны кангрэс па душпастырству пажылых людзей, арганізаваны Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У пятніцу, 3 кастрычніка, яго ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства адбудзецца ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса і збярэ 150 дэлегатаў з 65 краін свету, якія прадставяць 55 Біскупскіх Канферэнцый, а таксама прадстаўнікоў каталіцкіх арганізацый і супольнасцей, якія займаюцца душпастырствам пажылых.

На думку кардынала Кевіна Фарэла, “пажылыя людзі – гэта не толькі мінулае Касцёла, але і яго сучаснасць і будучыня. Кангрэс дасць магчымасць слухаць, разважаць і разам шукаць новыя адказы на новыя пытанні”.

Падзея стане працягам падарожжа, распачатага ў 2020 годзе Першым кангрэсам па душпастырству пажылых пад дэвізам “Багацце гадоў”. З тых часоў увага Касцёла да гэтай узроставай групы не згасала: у 2021 годзе быў заснаваны Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, у 2022 годзе Францішак прысвяціў цыкл катэхез тэме старасці. Другі Кангрэс стане наступным крокам у гэтым кірунку.

Праграма форума ўключае пленарныя сесіі, групавыя абмеркаванні і прасторы для дыялогу і абмену вопытам, у тым ліку і з пажылымі. На 3 кастрычніка запланавана аўдыенцыя Льва XIV.

27 верасня 2025, 12:12