Рэліквіі святога Францішка ўпершыню пакажуць вернікам
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
З 22 лютага па 22 сакавіка 2026 года вернікі змогуць маліцца непасрэдна перад рэліквіямі святога Францішка ў базіліцы, якая носіць яго імя. Іх перанясуць з грабніцы ў крыпце і змесцяць у падземным памяшканні, ля падножжа папскага алтара.
Гэта адмысловая ініцыятыва прымеркавана да 800-годдзя смерці аднаго з найбольш шанаваных святых Каталіцкага Касцёла.
Каб пілігрымы маглі наблізіцца да святыні без перашкод, арганізацыя наведванняў будзе ажыццяўляцца праз бясплатную анлайн-рэгістрацыю. На сайце sanfrancescovive.org размешчана форма для браніравання і магчымасць запісацца на візіт у суправаджэнні манаха.
Пасля смерці святога Францішка ў 1226 годзе яго цела пахавалі пад галоўным алтаром новапабудаванай базілікі, дзе яно заставалася недаступным. У 1818 годзе парэшткі былі адшуканыя, а ўжо ў 1819 годзе навуковыя даследаванні пацвердзілі іх сапраўднасць. З таго часу рэліквіі працягваюць вывучаць і захоўваць.
Францішак з Асізі (каля 1181-1226) – нябесны заступнік Італіі і адзін з найбольш уплывовых святых Касцёла. Яго ідэал радыкальнай беднасці натхніў заснаванне францішканскага ордэна, капуцынаў і кларысак. На мінулым тыдні парламент Італіі аднавіў дзяржаўны статус свята 4 кастрычніка – Дня святога Францішка.