Пошук

Біскуп Шарль Марэро Біскуп Шарль Марэро  (ANSA)

Біскуп Марэро: у “Dilexi te” Папа нагадвае пра ролю Касцёла

Папа Леў XIV прысвяціў сваю першую апостальскую адгартацыю “Dilexi te” тэме любові да бедных. Ён зрабіў гэта ў той час, калі “да знікнення беднасці яшчэ далёка, а грамадская дапамога бедным значна скарацілася”. Біскуп Шарль Марэро са Швейцарыі падзяліўся ўражаннямі пасля прачытання папскай адгартацыі.

Ян Глінскі

Як адзначыў біскуп Лазаны, Жэневы і Фрайбурга, Папа ў сваім дакуменце нагадвае пра істотныя элементы хрысціянства і ролю Касцёла, “які не стварае абмежаванняў любові, які не ведае ворагаў, з якімі трэба змагацца, але толькі мужчын і жанчын, якіх трэба любіць”.

Леў XIV, як нагадаў іерарх, “абраў сваё імя, спасылаючыся на Льва XIII, Папу сацыяльнага вучэння Касцёла”. У кантэксце індустрыялізацыі XIX стагоддзя “гэта азначае адмаўленне ад ілюзіі шчасця, якое прыносіць багацце, выбар простага жыцця і распазнанне Хрыста ў бедных”.

“У святле Бібліі сітуацыя бедных з’яўляецца выклікам для нашых грамадстваў, – адзначыў біскуп Шарль Марэро. – Бог паказвае, што бедныя важныя для Яго, бо Ён сам стаў бедным”. Беднасць – гэта не толькі пра матэрыяльную нястачу, гэта таксама пра сітуацыю хворых і церпячых або вязняў. “Матывацыя несці дапамогу, наследаваць Сына Божага, які стаў бедным, праяўляецца ў розных формах рэлігійнага жыцця і яна павінна хваляваць усіх веруючых”, – перакананы былы генеральны сакратар Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

17 кастрычніка 2025, 10:09