Пастыры Еўропы ў Фаціме: мір, клімат і новая евангелізацыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 7 па 10 кастрычніка 2025 года ў партугальскай Фаціме праходзіла пленарная асамблея Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ). Галоўнай тэмай сустрэчы стала пытанне: "Як быць вучнямі-місіянерамі ў секулярызаванай Еўропе?". Удзельнікі абмеркавалі актуальную сітуацыю на кантыненце і ролю Касцёла ў сучасным свеце.
Перад надыходзячым кліматычным самітам COP30 у бразільскім Белене старшыні еўрапейскіх епіскапатаў накіравалі ліст кіраўніцы Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен. Яны заклікалі еўрапейскія інстытуты да рашучых дзеянняў у абароне нашага "супольнага дома".
Іерархі нагадалі пра вялікія пакуты, выкліканыя войнамі ва Украіне і Святой Зямлі, а таксама ў шматлікіх іншых рэгіёнах свету. Яны звярнуліся з гарачым заклікам да ўсіх вернікаў маліцца ў інтэнцыі "раззброенага і абяззбройваючага міру", згодна з інтэнцыяй папы Льва XIV.
Біскупы падкрэслілі, што сапраўдны мір – гэта не толькі спыненне агню, але і супакой у нашых думках, сэрцах і адносінах. Яны таксама адзначылі актуальнасць паслання Маці Божай Фацімскай, якая запрашае карыстацца "зброяй міру: малітвай і навяртаннем".
У выніковым камюніке пасля сходу адзначаецца, што некаторыя еўрапейскія грамадствы забылі пра свае хрысціянскія карані, таму "сапраўднае навяртанне павінна пачацца найперш у нашых сэрцах".
Задачай вучняў-місіянераў з'яўляецца не асуджэнне, а абуджэнне надзеі. Гэтаму абнаўленню могуць спрыяць дыялог з сучаснай культурай, аўтэнтычнае сведчанне жыцця і сінадальнасць, якая дазваляе Касцёлу нанова адкрыць пакліканне кожнага ахрышчанага.
Іерархі падкрэслілі неабходнасць суправаджэння і падтрымкі этапу ўкаранення Сінода аб сінадальнасці на дыяцэзіяльным і нацыянальным узроўнях, а таксама працяг гэтага шляху на кантынентальным узроўні.
Наступная пленарная асамблея CCEE адбудзецца 27-30 кастрычніка 2026 года ў аўстрыйскім Зальцбургу.