Фаціма: біскупы Еўропы пра місію ў секулярным свеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 7 па 10 кастрычніка 2025 года ў Фаціме праходзіла штогадовая пленарная асамблея Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ). Галоўнай тэмай сустрэчы стала пытанне: “Як быць вучнямі-місіянерамі ў секулярызаванай Еўропе?”.
Старшыні еўрапейскіх епіскапатаў разам разважалі над евангелізацыйнай місіяй Касцёла ў сучасным культурным і сацыяльным кантэксце кантынента.
Тэолаг: Касцёл можа стаць носьбітам надзеі для параненага кантынента
Падчас інаўгурацыйнай прамовы венгерскі тэолаг і рэлігіязнаўца, прафесар Андраш Матэ Тот з Сегедскага ўніверсітэта, падкрэсліў, што Касцёл павінен увасабляць міласэрнасць, прабачэнне і давер. Менавіта так ён можа стаць носьбітам надзеі для параненага кантынента.
“У барацьбе Еўропы з сучаснымі геапалітычнымі выклікамі кантынент можа шмат атрымаць ад прапановы хрысціянскага мыслення і дзеяння”, - сказаў эксперт.
У кантэксце страты маральнага даверу і змяншэння колькасці вернікаў, Касцёл у Еўропе павінен “адкрыць сябе нанова”. Абапіраючыся на вучэнне Папаў Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI, Францішка і Льва XIV, венгерскі тэолаг указаў на неабходнасць паглыблення веры, узважанай самакрытыкі, тэалагічнай і сацыялагічнай адукацыі, а таксама незалежнасці Касцёла ад палітычных сіл.
Тот выказаў перакананне, што будучыня хрысціянства вымяраецца не колькасцю вернікаў ці сацыяльным уплывам, а здольнасцю Касцёла ўвасабляць міласэрнасць, прабачэнне і давер.
Прафесар закрануў таксама часта згадваны падзел паміж Усходам і Захадам Еўропы. Ён адзначыў, што сацыяльныя звычкі, сфарміраваныя драматычнай гісторыяй рэгіёна – для чаго ён увёў тэрмін “параненая калектыўная ідэнтычнасць”, – падаграваюць нацыяналізм, страх перад знешнімі пагрозамі і супраціў крытыцы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.
Сёння гэтыя мадэлі становяцца ўсё больш і больш заўважнымі на ўсім кантыненце. Паводле яго, этычныя дэбаты (аборт, сексуальнасць, эўтаназія) і палітыка ідэнтычнасці па-ранейшаму адлюстроўваюць адрозненні, але ўнутраныя падзелы ў грамадстве краін цяпер больш вызначальныя, чым геапалітычныя межы.
Рэктар універсітэта: дыялогу пагражае падзел, а ідэнтычнасць выкарыстоўваецца як зброя
У сваю чаргу, Ізабэль Капэлоа Гіл, рэктар Каталіцкага ўніверсітэта Партугаліі, прадставіла “культурны аналіз сучаснай сітуацыі ў Еўропе”. Яна звярнула ўвагу на парадокс паміж тэхналагічным прагрэсам і чалавечай уразлівасцю. Штучны інтэлект, войны, кліматычны крызіс і паглыбленне няроўнасці выяўляюць не толькі матэрыяльную крохкасць, але і глыбокі крызіс сэнсу.
На думку Капэлоа Гіл, у сённяшніх палярызаваных культурных канфліктах ідэнтычнасці выкарыстоўваюцца як зброя, з прычыны чаго дыялог саступае месца падзелу.
Эксперт пераканана, што адукацыя і культурная спадчына, у тым ліку хрысціянскія карані Еўропы, застаюцца важнымі рэсурсамі для дыялогу, прымірэння і надзеі. Таму Касцёл павінен удзельнічаць у публічным дыскурсе як голас сумлення і распазнання (“discernimento”).