Кардынал Маркс пра палітыку, міграцыю і веру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, кардынал Рэйнхард Маркс, азіраючыся назад, вельмі рады, што стаў святаром. У інтэрв’ю “Баварскаму радыё” (Bayerischen Rundfunks - BR) ён прызнаўся, што мог бы ўявіць сябе настаўнікам, бо лічыць, што ўмее добра выкладаць і тлумачыць.
Яго таксама прываблівала палітыка, але, на яго думку, гэты шлях быў бы для яго закрыты. “Я думаю, што мяне б хутка адсеялі як таго, хто занадта доўга гаворыць, занадта шмат нюансуе і не можа дакладна сфармуліраваць сутнасць”, - падзяліўся 72-гадовы іерарх.
Гарады для ўсіх і міграцыя як шанец
Гаворачы пра развіццё гарадоў, кардынал Маркс падкрэсліў важнасць захавання іх разнастайнасці. Гарадскі ландшафт павінен змяняцца пазітыўна, каб “усе адчувалі сябе камфортна і ўсе знаходзіліся ў дыялогу адно з адным”.
На думку іерарха, культурная разнастайнасць павінна быць бачнай і развівацца ў атмасферы міру і цярпімасці. Горад павінен планаваць сваё развіццё, думаць, дзе ствараць жыллё і ці будзе яно даступным для людзей з нізкімі даходамі. Людзі павінны жыць разам, незалежна ад таго, немцы яны ці замежнікі, а гарадскія кварталы не павінны ператварацца ў закрытыя гета. Аднак для гэтага трэба прыкладаць намаганні.
Кардынала Маркса раздражняе тое, што тэма міграцыі сёння падаецца як сцэнар пагрозы. Ён лічыць, што трэба несці пазітыўнае пасланне: Германія рада, што многія людзі прыехалі і працуюць тут. “Міграцыя для нас неабходная”, - заявіў ён, назваўшы яе шанцам у кантэксце дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі.
Іерарх прызнаў, што толькі невялікая частка мігрантаў здзяйсняе злачынствы і павінна быць дэпартавана. Ён заклікаў рабіць больш для інтэграцыі, у тым ліку фінансава, і адзначыў, што Касцёл таксама робіць свой унёсак у гэтую справу.
Не выкарыстоўваць імя Бога ў палітычных мэтах
Кардынал Маркс назваў блюзнерствам палітычнае прысваенне Бога. Ён нагадаў, што, згодна з Дзесяццю запаведзямі, нельга злоўжываць імем Пана – ні дзеля ўласных мэт, ні дзеля палітычнай партыі, ідэалогіі ці культурнай ідэнтычнасці.
“Ува ўсіх рэлігіях ёсць тэндэнцыя злоўжываць Богам дзеля ўласных інтарэсаў, - растлумачыў кардынал. - Некаторыя рэлігіі ці некаторыя рэлігійныя лідары спрыяюць гэтаму. Іх не проста выкарыстоўваюць, яны самі ў гэтым удзельнічаюць. Я лічу гэта вельмі дрэннай з’явай”.
Іерарх прызнаўся, што ніколі не чакаў, што ў наш час рэлігія зноў будзе так інструменталізавацца палітыкай, асабліва ў ЗША, дзе канстытуцыйна замацавана аддзяленне рэлігіі ад палітыкі, а таксама ў Расіі, дзе Патрыярх абвяшчае “свяшчэнную вайну” супраць “дэкадэнцкага Захаду”.
Інструменталізаваная рэлігія губляе давер
Такое прысваенне небяспечна для будучыні самой рэлігіі, бо праз некалькі гадоў людзі могуць сказаць, што “рэлігіі проста плывуць па цячэнні, калі нехта становіцца магутным і хоча прасунуць сваю ідэалогію”.
Як паведамляе радыёстанцыя, інтэрв’ю было запісана 13 кастрычніка 2025 года, яшчэ да таго, як канцлер Фрыдрых Мерц загаварыў пра міграцыю як пра “праблему” ў гарадскім ландшафце. Урыўкі з размовы з кардыналам былі паказаны 22 кастрычніка 2025 года на баварскім тэлеканале “BR”.