Кардынал Піцабала: Святая Зямля перажывае гістарычны момант
Ян Глінскі
15 кастрычніка 2025 года кардынал П’ербатыста Піцабала наведаў Vatican News, дзе ў размове з галоўным рэдактарам СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі і Беатрычэ Гуарэра распавёў пра супольную надзею ізраільцян і палесцінцаў на жыццё без вайны і насілля.
Сітуацыя на Святой Зямлі, як адзначыў кардынал Піцабала, “застаецца няпэўнай”. “Я лічу, што патрэбна новае кіраўніцтва – не толькі палітычнае, але і рэлігійнае. Гэта вельмі важна, і мы ўжо пачалі кантактаваць адзін з адным па гэтым пытанні. Нам патрэбны новыя твары, новыя людзі, якія дапамогуць збудаваць іншы наратыў – заснаваны на ўзаемнай павазе. Гэта зойме вельмі шмат часу, бо раны глыбокія, але мы не можам здавацца”, – перакананы патрыярх.
“Мы таксама павінны памятаць пра няўдачы папярэдніх пагадненняў – шматлікія фіяска, якія сур’ёзна падарвалі давер паміж бакамі, – нагадаў іерарх. Мы павінны паступова ствараць умовы, падмурак, новае кіраўніцтва і, самае галоўнае, асяроддзе, якое паступова будзе будаваць культуру павагі, што ў канчатковым выніку прывядзе да міру”.
Згадваючы пра драматычныя сведчанні былых закладнікаў ХАМАС і палесцінскіх зняволеных у Ізраіле, кардынал Піцабала задаўся пытаннем: “Ці можам мы пабудаваць будучыню, якая не пачынаецца з нянавісці?”
Адначасова іерарх адзначыў, што кожны з канфліктуючых бакоў замкнуўся на ўласных пакутах, “бачачы толькі боль сваёй нацыі”. “Людзі былі настолькі напоўнены ўласным болем, што ў іх сэрцах не было месца для болю іншага”, – патлумачыў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.
“Нянавісць, якая была пасеяна – не толькі ў апошнія два гады, але і раней, праз наратыў аб пагардзе, адхіленні і выключэнні, – патрабуе новай мовы, новых слоў, але і новых сведкаў. Нельга аддзяліць словы ад людзей, якія іх прамаўляюць. Нам патрэбны новыя твары, якія дапамогуць нам думаць інакш, – сцвердзіў патрыярх. – Нам патрэбны новыя лідары, якія будуць гаварыць на іншай мове, чым тая, якую мы чулі ў апошнія гады – як ад палітыкаў, так і ад рэлігійных лідараў”.
Запытаны адносна таго, як можна будаваць надзею і братэрства ў актуальным гістарычным кантэксце, іерарх адзначыў, што на гэта спатрэбіцца час. Да таго ж, “надзею нельга блытаць з вырашэннем канфлікту, які яшчэ не вырашаны”. “Канец вайны не азначае пачатак міру або канец канфлікту. Мы павінны ўсведамляць усе гэтыя аспекты. Але, вядома, гэта першы крок. Надзея, як я часта кажу, – дачка веры”, – сказаў патрыярх.
Кардынал Піцабала, запытаны пра яго меркаванне на тэму бягучых дэбатаў на міжнароднай арэне адносна прызнання іншымі краінамі Дзяржавы Палесціна, выразна падкрэсліў: “Палесцінцам патрэбен не толькі канец вайны, спыненне насілля і фінансавая падтрымка. Яны таксама маюць патрэбу ў прызнанні іх годнасці як нацыі”. “Нельга сказаць палесцінцам, што яны не маюць права быць прызнанымі нацыяй у сваім уласным доме”, – дадаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.
Падчас размовы кардынал Піцабала выказаў меркаванне, што “настаў час праявіць салідарнасць не толькі праз малітву – што надзвычай важна – і дапамогу, але і праз пілігрымаванне”. Іерарх спадзяецца, што на Святую Зямлю вернуцца пілігрымы. “Я абмяркоўваў гэта з Кусташам Святой Зямлі, каб штосьці разам арганізаваць, – падзяліўся патрыярх. – Пачакаем яшчэ два-тры тыдні, каб паглядзець, як будуць развівацца падзеі. А потым, я думаю, нам варта пачаць пэўным чынам “стукаць у дзверы”, асабліва да Касцёлаў, якія ў апошнія два гады былі вельмі блізкімі да Святой Зямлі”.