Пошук

Кардынал П'ербатыста Піцабала Кардынал П'ербатыста Піцабала 

Кардынал Піцабала: ёсць магчымасць стабілізаваць сітуацыю ў Газе

Спыненне агню ў Газе – з’ява “вельмі крохкая і патрабуе поўнай адданасці ўсіх бакоў”. Аднак гэта акно надзеі, якое застаецца той “рэдкай магчымасцю стабілізаваць сітуацыю”. Такія думкі выказаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма ў інтэрв’ю SkyNews Arabia.

Ян Глінскі

Кардынал П’ербатыста Піцабала, між іншым, адзначыў, што “вайна ў Сектары Газа і падзеі на Заходнім беразе” прывялі да беспрэцэдэнтнага скарачэння колькасці хрысціян на палестынскіх тэрыторыях. На Заходнім беразе і ў Іерусаліме цяпер пражывае менш за 10 тысяч хрысціянаў.

Па словах іерарха, хрысціянская супольнасць у Газе скарацілася ўдвая ў параўнанні з 2023 годам. Хрысціянскія вернікі там перажываюць тыя ж пакуты, што і мусульмане, бо катастрофа абрынулася на ўсіх, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці.

Як адзначыў патрыярх, апублікаваныя здымкі з Газы не ў стане перадаць увесь маштаб разбурэнняў. “Рэальнасць значна больш жахлівая. Газа разбурана на большай частцы сваёй тэрыторыі; людзі жывуць на руінах, без даху над галавой і сродкаў да існавання. Паўсюль адчуваецца смурод смерці. Пры ўездзе ў сектар Газа адразу гэта заўважаеш, бо пад руінамі ўсё яшчэ пахавана шмат мёртвых целаў. Відовішча шакуе”, – распавёў кардынал П’ербатыста Піцабала.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма нагадаў таксама, што Святы Пасад пастаянна сочыць за сітуацыяй у Газе, а Папа Леў XIV трымае кантакт з мясцовай парафіяй, як гэта чыніў і яго папярэднік – Францішак.
 

24 кастрычніка 2025, 07:59