Кітай: пасвячэнне дапаможнага біскупа Шанхая
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Біскупскае пасвячэнне прайшло 15 кастрычніка 2025 года. Леў XIV прызначыў Ігнацыя Ву Цзяньліна дапаможным біскупам Шанхая, “ухваліўшы яго кандыдатуру ў рамках Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
55-гадовы новапрызначаны іерарх вывучаў філасофію і тэалогію з 1991 па 1996 год у семінарыі Шэшань у дыяцэзіі Шанхая. У 1997 годзе ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, быў прызначаны духоўным кіраўніком сваёй семінарыі і вікарыем парафіі Чжуншань.
З 1999 па 2012 год нёс служэнне як віцэканцлер дыяцэзіі і пробашч парафіі Цюцзяуань. Затым, у 2013–2023 гадах, зрабіў свой уклад у кіраванне дыяцэзіяй падчас перыяду вакантнай біскупскай катэдры, пасля чаго займаў пасаду генеральнага вікарыя.