Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапат Турцыі: візіт Папы стане моцным пасланнем міру

Папа Леў XIV прыняў запрашэнне прэзідэнта Турцыі і мясцовых касцёльных уладаў і з 27 па 30 лістапада 2025 года здзейсніць апостальскае падарожжа ў гэтую краіну. Нагодай для візіту стане 1700-годдзе Першага Нікейскага сабору.

Ян Глінскі

Паведамленне Святога Пасаду пракаментаваў старшыня епіскапату Турцыі. Арцыбіскуп Марцін Кметэц з радаснай ўдзячнасцю выказаўся адносна клопату Пантыфіка пра малыя хрысціянскія Касцёлы, “прысутныя на Блізкім Усходзе – у рэгіёне, які адзначаецца цяжкасцямі і канфліктамі”. “Мы асабліва цешымся, што візіт працягнецца і ў Ліване. Маем надзею, ён будзе плённым і ўмацуе нашае ўсведамленне, што мы з’яўляемся часткай Хрыстовага статка”, - дадаў Мітрапаліт Ізмірскі ў інтэрв’ю для інфармацыйнага агенцтва SIR.

Як адзначыў арцыбіскуп, “Леў XIV прынясе свету магутнае пасланне міру”. “Папа даўно заклікаў лідараў вялікіх дзяржаў не гуляць з трагедыямі малых народаў і найбольш слабых супольнасцяў. Ён заклікае іх уключыцца ў сур’ёзную працу на карысць справядлівасці і будавання міру. Гэтае падарожжа, несумненна, стане магчымасцю красамоўна паўтарыць гэты заклік”, - падкрэсліў старшыня епіскапату Турцыі.

Арцыбіскуп Кметэц таксама ўказаў на экуменічны аспект візіту Льва XIV, які “хоча выканаць абяцанне, дадзенае Папам Францішкам: адправіцца ў Нікею (сённяшні Ізнік) з нагоды 1700-годдзя Нікейскага сабору і сустрэцца з Патрыярхам Барталамеем”. “Важна памятаць, што праваслаўныя Цэрквы, часта малыя і неасабліва заўважныя, таксама маюць патрэбу ў падтрымцы, увазе і братэрскай любові. Гэты візіт – канкрэтны знак у гэтым кірунку”, - перакананы Мітрапаліт Ізмірскі.

Падрыхтоўка да папскага візіту даручана змешанай камісіі. Яе члены працуюць над распрацоўкай праграмы, якая будзе адаптавана да крытэрыяў дзяржаўнага візіту, з улікам аспектаў бяспекі і лагістыкі. “Мы хочам, каб візіт Папы стаў важнай падзеяй для ўсіх”, - падкрэсліў старшыня епіскапату Турцыі.
 

10 кастрычніка 2025, 08:34