Выйшлі ўспаміны сястры Лусіі з Фацімы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Адна з навінак – кніга пад назвай “Viver na Luz de Deus” (Жыць у Божым святле), напісаная сястрой Анжэлай Каэлью, віцэ-пастулятаркай беатыфікацыйнага працэсу візіянеркі, у суаўтарстве з французскім кармелітам айцом Франсуа Мары Летэлем. Публікацыя пралівае новае святло на жыццё сястры Лусіі, сведчачы, што з 1950-х гадоў яна змагалася з сур’ёзнымі духоўнымі пакутамі.
Гэтыя пакуты былі выкліканы накладзенымі Святым Пасадам абмежаваннямі на прыём гасцей і напісанне лістоў, што, як прызнавалася сама манахіня, перашкаджала ёй абвяшчаць фацімскае пасланне.
Аўтары сцвярджаюць, што да 1968 года Святы Пасад узмацняў патрабаванні да візіянеркі, і з гэтай прычыны яна перажывала “вельмі сур’ёзную духоўную цемру”. Галоўнай прычынай абмежаванняў, на думку сястры Каэлью, сталі заявы айца Аўгустына Фуэнтэса, першага пастулятара працэсу беатыфікацыі Гіяцынты і Францішка Марту, які, як мяркуецца, памылкова інтэрпрэтаваў словы сястры Лусіі на адной з канферэнцый у канцы 1950-х гадоў.
Другой кнігай пра сястру Лусію, якая памерла ў 2005 годзе, з’яўляецца зборнік яе ўспамінаў і думак пад назвай “Um Mês com a Irmã Lúcia” (Месяц з сястрой Лусіяй). Ён быў выдадзены сёстрамі-кармеліткамі з кляштара ў Каімбры, дзе жыла партугальская манахіня. Паводле выдаўцоў, гэтая кніга служыць не толькі знаёмству з асобай сястры Лусіі, але можа таксама стаць дапамогай у медытацыйнай малітве.