Касцёл у Італіі: зацверджаны дакумент сінадальнага працэсу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Напрыканцы тыдня ў Рыме Сінадальны сход Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) прыняў выніковы дакумент рэформеннага працэсу пад назвай "Закваска міру і надзеі". За яго прагаласаваў 781 удзельнік з 809. Чакаецца, што дакумент будзе разгледжаны на пленарным пасяджэнні епіскапату.
"Цяпер справа за біскупамі: усё гэта асэнсаваць, вызначыць прыярытэты і прыцягнуць старыя і новыя сілы, каб надаць словам форму – калегіяльнасць і сінадальнасць", - адзначыў старшыня епіскапату Італіі кардынал Матэа Дзупі.
Сярод ключавых тэм – улада, святарства, сексуальная мараль і роля жанчын
У Сінадальным сходзе, акрамя біскупаў, удзельнічаюць і прадстаўнікі свецкіх вернікаў. У дыскусіях закранаюцца перш за ўсё тэмы ўлады, святарства і сексуальнай маралі, а таксама ролі жанчын у Касцёле.
Кардынал Дзупі абвясціў, што прыняты дакумент стане галоўнай тэмай лістападаўскай пленарнай асамблеі епіскапату. Для гэтага група біскупаў, якая будзе прызначана пазней, падрыхтуе адпаведныя праекты пастаноў.
Дакумент складаецца з трох частак: “Сінадальнае і місійнае абнаўленне мыслення і касцельнай практыкі”, “Сінадальная і місійная падрыхтоўка ахрышчаных” і “Суадказнасць у місіі і ў кіраўніцтве супольнасцю”.
У паведамленні біскупскай канферэнцыі гаворыцца, што, "успрымаючы спадчыну Папы Францішка і заклік Льва XIV, Касцёл у Італіі мае намер быць 'закваскай міру і надзеі' ў грамадстве, якое ўсё больш і больш пакутуе ад крызісаў і глабальнай напружанасці". У цэнтры касцельнай місіі знаходзяцца мір, справядлівасць і клопат пра стварэнне.
Сінадальны сход не ўхіліўся ад складаных пытанняў, закрануўшы балючыя тэмы сучаснасці
Выніковы дакумент сінадальнага працэсу не ўхіліўся ад разгляду выпадкаў злоўжыванняў, якія названы "адным з самых балючых бакоў найноўшай гісторыі Касцёла". Іншай дыскусійнай тэмай стала ўмацаванне ролі жанчын, а таксама ролі свецкіх вернікаў, напрыклад, у "душпастырскіх камандах".
Акрамя таго, у тэксце змешчаны заклік да дыяцэзій "падтрымліваць ініцыятывы па вывадзе сродкаў з крэдытных устаноў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці і гандлі зброяй, а таксама за забарону валодання і выкарыстання арсеналаў ядзернай зброі і за права на адмову ад ваеннай службы па меркаваннях сумлення".
Таксама тут разгледжаны пытанні дыскрымінацыі і суправаджэння гомасексуальных і трансгендарных асоб. Гаворка ідзе і пра суправаджэнне людзей, якія жадаюць быць інтэграванымі ў Касцёл, але з прычыны "сітуацый, якія адрозніваюцца ад сакрамэнту сужэнства, знаходзяцца на ўзбочыне касцельнага і сакрамэнтальнага жыцця".