Іерусалім: фінал прац у базіліцы на месцы пахавання Хрыста
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мэтай прац, якія працягваюцца ўжо шэсць гадоў, з'яўляецца "вяртанне базіліцы падлогі, цалкам адрэстаўраванай і навукова задакументаванай", - паведаміла францішканская Кустодыя Святой Зямлі.
Найважнейшыя высновы праекта, які распачаўся ў 2019 годзе, прадставіла кіраўніца даследаванняў і рэстаўрацыйных прац Франчэска Стасола з універсітэта “La Sapienza” ў Рыме.
Даследаванні раскрылі тысячагоддзі гісторыі, ад каменаломні да хрысціянскай святыні
Як паведаміла навуковец, даследаванні, праведзеныя ў некалькі этапаў, значна паспрыялі гістарычнай і тапаграфічнай рэканструкцыі гісторыі Базілікі і далі новыя звесткі пра гарадское развіццё Іерусаліма.
Складаная слаістасць глебы сведчыць пра тысячы гадоў гісторыі гэтай тэрыторыі. Да найважнейшых знаходак належаць рэшткі рымскага і раннехрысціянскага перыядаў. Яны сведчаць аб пераўтварэнні сённяшняй Базілікі з каменаломні і месца пахавання ў месца культу.
Былі таксама выяўлены фрагменты старажытнага бруку і мазаік. Даследаванні выкапнёвых раслін паказалі таксама ранейшае сельскагаспадарчае выкарыстанне гэтай зямлі.
Пагадненне аб рэстаўрацыйных працах падпісалі прадстаўнікі трох уладальнікаў святыні: Грэчаскай Праваслаўнай Царквы, Армянскага Патрыярхату і – ад імя Каталіцкага Касцёла – францішканскай Кустодыі Святой Зямлі. Мэтай з'яўляецца поўная рэстаўрацыя знішчанай падлогі санктуарыя з улікам літургічных патрабаванняў. Падчас ранейшых прац ужо была адрэстаўравана эдыкула – капліца над магілай Езуса.
Згода на рамонт – гістарычная падзея, якая пераадольвае абмежаванні “status quo” 1852 года
Супольная згода Цэркваў на рамонт храма была ўспрынята як сенсацыя, паколькі пагадненне ад 1852 года, так званы “status quo”, якое рэгулюе права ўласнасці і карыстання гэтым найсвяцейшым месцам хрысціянства, на практыцы не дапускае ніякіх змен у штодзённым функцыянаванні святыні. Раней на любыя рамонтныя працы або ўвогуле не згаджаліся, або дазвалялі іх з вялікімі цяжкасцямі.
Базіліка ў Старым горадзе Іерусаліма з'яўляецца адным з найважнейшых месц хрысціянства. Тут ушаноўваюць укрыжаванне, пакладанне ў гроб і ўваскрасенне Езуса. Для праваслаўных вернікаў гэта базіліка не Магілы, а Уваскрасення (па-грэчаску: Anastasis). Штогод святыню наведваюць сотні тысяч пілігрымаў.
Сучасныя археалагічныя даследаванні пацвярджаюць, што шмат што сведчыць на карысць таго, што магіла Езуса магла знаходзіцца на тэрыторыі цяперашняй базілікі.
Дзве тысячы гадоў таму гэтае месца знаходзілася па-за межамі горада. Першы храм тут быў узведзены ў часы імператара Канстанціна ў 335 годзе. Пасля разбурэнняў у VII, XI і XIX стагоддзях святыня заўсёды аднаўлялася і дапаўнялася.
Базіліка сёння з'яўляецца сумеснай уласнасцю розных канфесій. Найбольшую частку займаюць праваслаўныя, а таксама лацінскія католікі і армяне. Невялікія часткі святыні належаць вернікам Копцкай, Сірыйскай і Эфіопскай Царквы.