Пошук

Падчас кананізацыі Джона Генры Ньюмэна Падчас кананізацыі Джона Генры Ньюмэна  

Ньюман – Доктар Касцёла: сімпозіум у Рыме

31 кастрычніка 2025 года ў Рыме пройдзе сімпозіум пра святога Джона Генры Ньюмана напярэдадні абвяшчэння яго Доктарам Касцёла і апекуном каталіцкай адукацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме арганізуе навуковы сімпозіум пад назвай “Святы Джон Генры Ньюман, Доктар паўсюднага Касцёла. Яго актуальнасць сёння”. Форум пройдзе напярэдадні абвяшчэння англійскага кардынала Доктарам Касцёла і яго прызначэння суапекуном адукацыйнай місіі Касцёла разам са святым Тамашом Аквінскім.

У цэнтры ўвагі – вучэнне англійскага тэолага пра развіццё дактрыны, сумленне, выхаванне, сінадальнасць і новую евангелізацыю

Арганізатарам выступае тэалагічны факультэт Універсітэта ў супрацоўніцтве з Міжнародным цэнтрам сяброў Ньюмана, цэнтрам “De Nicola Center for Ethics and Culture” з універсітэта “Notre Dame” і Нацыянальным інстытутам даследаванняў Ньюмана. У сімпозіуме прымуць удзел вядомыя эксперты па спадчыне Ньюмана з розных краін свету, якія паспрабуюць паказаць актуальнасць вучэння вялікага тэолага.

Адкрыццёвую сесію ўзначаліць кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Яна будзе прысвечана важнасці Айцоў Касцёла для Ньюмана і нараджэнню эклезіялогіі. Другая сесія, якой будзе кіраваць біскуп Эдаарда Чэрата, засяродзіцца на тэмах развіцця дактрыны і стваральнай вернасці.

Сімпозіум закліканы паказаць актуальнасць спадчыны Ньюмэна для сучаснага Касцёла.

Падчас дзённых сесій будуць прадстаўлены выбітныя напрацоўкі Ньюмана па канкрэтных тэмах, выкладзеных у “Positio” для кананізацыйнага працэсу. Сярод іх – развіццё, рэцэпцыя і ўплыў яго думкі, экуменізм і міжрэлігійны дыялог, сумленне і ўяўленне, натхненне Святога Пісання, магістэрыум, выхаванне, “sensus fidelium”, сінадальнасць, новая евангелізацыя і містыка.

Сімпозіум пройдзе ў галоўнай аўле Грыгарыянскага ўніверсітэта (Aula magna). Для ўдзельнікаў, якія будуць прысутнічаць асабіста, прадугледжаны сінхронны пераклад на італьянскую і англійскую мовы. Таксама будзе весціся прамая трансляцыя на ютуб-канале `@UniGregoriana`.
 

27 кастрычніка 2025, 10:50