Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа ў Ліване: пілігрым міру ў змучанай краіне

Леў XIV здзейсніць свой першы апостальскі візіт у Ліван. Краіна, змучаная вайной, чакае Пантыфіка як пілігрыма міру і спадзяецца на пасланне надзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Увесь ліванскі народ, моладзь, Касцёл, урад і прэзідэнт вельмі ўсхваляваныя”, - распавёў “OSV News” ксёндз Жан Юнэс, генеральны сакратар Асамблеі каталіцкіх патрыярхаў і біскупаў Лівана.

Ад Юбілею ў Нікеі да зраненага Бейрута – падарожжа Папы мае глыбокае экуменічнае, душпастырскае і геапалітычнае вымярэнне

Святы Айцец наведае краіну з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года. Гэта будзе другі этап яго першага замежнага падарожжа, якое распачнецца 27 лістапада ў Турцыі, дзе Папа ўшануе 1700-годдзе Нікейскага сабора. Аднак менавіта візіт у Ліван мае характар першага пастырскага візіту Пантыфіка.

Біскуп Сэзар Есаян, апостальскі вікарый Бейрута, адзначыў, што Папа прыбывае ў Ліван, каб несці мір краіне, “хворай ад 50 гадоў вайны, якая шукае міру і новага жыцця”. Дэвізам візіту сталі словы з Евангелля паводле святога Мацвея: “Шчаслівыя міратворцы” (Мц 5, 9). Візіт Папы ўспрымаецца як працяг незавершанай мары яго папярэдніка, Папы Францішка.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў Ліван перажыў грамадзянскую вайну (1975-1990), масавыя пратэсты, эканамічны калапс, разбуральны выбух у порце Бейрута (2020) і нядаўнюю вайну паміж Ізраілем і Хезбалой.

Візіт Льва XIV працягвае справу яго папярэднікаў, якія бачылі ў Ліване “краіну-пасланне” для ўсяго свету

Мараніцкі патрыярх кардынал Бэшара Раі неаднаразова заклікаў палітыкаў трымаць краіну па-за рэгіянальнымі канфліктамі, а візіт Папы, на яго думку, “нагадае ўсім ліванцам, хрысціянам і мусульманам, пра іх адказнасць за захаванне Лівана”.

Ліван, дзе налічваецца 18 афіцыйна прызнаных рэлігійных супольнасцей, займае асаблівае месца для Апостальскай Сталіцы. Менавіта тут святы Ян Павел II у 1997 годзе прамовіў свае знакамітыя словы: “Ліван – гэта больш, чым краіна, гэта пасланне”. Праз пятнаццаць гадоў, у 2012 годзе, яго справу працягнуў Бэнэдыкт XVI. Як адзначае біскуп Мунір Хайрала, для ліванцаў візіт Льва XIV – гэта знак новай эры надзеі пасля пяцідзесяці гадоў вайны і разбурэнняў.

Хоць афіцыйная праграма візіту яшчэ не абвешчана, чакаецца, што Папа сустрэнецца з моладдзю, духавенствам, прадстаўнікамі ўлады і ўсімі рэлігійнымі лідарамі Лівана на цэнтральнай плошчы Пакутнікаў у Бейруце. Таксама плануецца ўрачыстая святая Імша.

“Мы спадзяёмся, што ўплыў гэтага візіту будзе такім жа моцным, як візіту Яна Паўла II, і нават большым”, - сказаў біскуп Есаян, падкрэсліваючы, што з самага пачатку свайго пантыфікату Леў XIV паўтарае: “Надышоў час для міру”.
 

23 кастрычніка 2025, 11:16