Пошук

Кардынал П'етра Паралін ля магілы святога Карла Акуціса ў Асізі Кардынал П'етра Паралін ля магілы святога Карла Акуціса ў Асізі 

Паралін: святы Карла Акуціс прыцягвае на шлях дабра шмат людзей

Святы Карла Акуціс – настаўнік прыгажосці і дабрыні, бо ён карыстаўся рэчамі гэтага свету з чыстым сэрцам, ставячы Езуса ў цэнтр свайго жыцця, - адзначыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы ўзначаліў эўхарыстычную цэлебрацыю ў першы літургічны ўспамін Карла Акуціса – італьянскага юнака, які быў кананізаваны 7 верасня Львом XIV. У літургіі, што адбылася 12 кастрычніка 2025 года ў санктуарыі Агалення святога Францішка ў Асізі, бралі ўдзел бацькі, сваякі і сябры новага святога, сотні вернікаў, а таксама прадстаўнікі мясцовых грамадзянскіх і касцёльных уладаў.

“Карла з’яўляецца новай жамчужынай гэтага горада святых і вялікім дарам для Касцёла: няхай яго сведчанне прыносіць багаты плён святасці сярод моладзі”, - пажадаў у сваёй гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Кардынал Паралін адзначыў, што прыкладам свайго жыцця і духоўнасці святы Карла Акуціс вучыць вернікаў радасна сведчыць веру, заўсёды памятаючы, што Божы Сын сышоў з неба і прыйшоў да нас, каб зрабіць нас шчаслівымі.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што, жывучы звычайным жыццём і любячы прыгажосць свету, Карла Акуціс быў хлопцам свайго часу, але пры гэтым у яго жыцці адлюстроўваліся словы святога Паўла: усё, што праўдзівае, высакароднае, справядлівае, чыстае, вартае любові і пашаны, павінна напаўняць думкі чалавека.

Паводле іерарха, сёння важна нагадаць моладзі, што Езус не адбірае нічога добрага ў жыцці: усё паходзіць ад Бога і з’яўляецца добрым, а грэх – тое, што робіць рэчы злымі. “Карла – настаўнік прыгажосці і дабрыні, бо ён карыстаўся рэчамі гэтага свету з чыстым сэрцам, ставячы Езуса ў цэнтр свайго жыцця”, - сказаў Дзяржсакратар.

Кардынал таксама нагадаў пра эўхарыстычную пабожнасць Карла Акуціса, які вучыў, што ў Эўхарыстыі мы маем Езуса вельмі блізка і не павінны шукаць Яго дзесьці ўдалечыні.

“7 верасня Карла быў кананізаваны, і сёння, у яго першы літургічны ўспамін, мы дзякуем Пану за гэты вялікі дар”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы, адзначыўшы, што шмат людзей прыходзіць у асізскі санктуарый, каб памаліцца ля яго зямных парэшткаў.

“Карла – вялікі інфлюэнсер, або, як кажуць некаторыя, “Божы інфлюэнсер”. Ён прыцягвае многіх на шлях дабра, разам са святым Францішкам, і з гэтага санктуарыя звяртаецца да ўсяго свету, нагадваючы нам, што ўсе мы пакліканыя да святасці. Сваім простым і звычайным жыццём ён паказвае, што святасць магчымая ў любым узросце і ў любой жыццёвай сітуацыі”, - сцвердзіў кардынал П’етра Паралін.
 

13 кастрычніка 2025, 11:08