Пошук

Падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі Падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі   (@Vatican Media)

Зварот лідараў сусветных рэлігій: адважыцца на мір

Будучыні не будзе, калі вайна заменіць дыпламатыю і дыялог, - гаворыцца ў звароце прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій і сусветных рэлігій.

Vatican News

28 кастрычніка 2025 года рэлігійныя лідары разам з Папам Львом XIV сабраліся ў рымскім Калізеі на закрыцці Міжнароднай сустрэчы “Адважыцца на мір”, арганізаванай Супольнасцю святога Эгідзія. На сустрэчы прагучаў зварот, падпісаны ўсімі ўдзельнікамі. Ён стаў моцным заклікам да дзеяння супраць жахаў вайны. Калізей, калісьці сімвал жорсткасці і гвалту, цяпер стаў месцам малітвы і сведчання супраць насілля. “Досыць войнаў з іх шматлікімі смярцямі!” - заклікаў у прамове Леў XIV.

Сведчанне з Судану

Асаблівым момантам стала сведчанне Амара Мала Алі, 31-гадовага суданскага ўрача, які распавёў пра тое, як вайна балюча адбілася на яго жыцці. Ён быў вымушаны ўцякаць, стаў бежанцам у Эфіопіі, а затым знайшоў прытулак у Італіі праз гуманітарныя калідоры супольнасці святога Эгідзія. Ён заклікаў маліцца за мір у Судане і ва ўсіх месцах, дзе ідзе вайна. “Мір – гэта не проста адсутнасць вайны. Гэта прысутнасць любові, годнасці і чалавечнасці”, - сказаў ён.

Адважыцца адкрыць шляхі міру

У сваім звароце рэлігійныя лідары адзначылі, што настаў час мужнасці: “Трэба адважыцца адкрыць шляхі міру. Нельга заставацца абыякавымі перад мільёнамі дзяцей, старых, жанчын і мужчын, якія пакутуюць ад наступстваў вайны”.

Яны асудзілі ўздым нацыяналізму, этнічнай і расавай нянавісці – прывідаў мінулага, якія зноў узніклі ў свеце з-за "бяздушнай глабалізацыі". Моц зневажае міжнароднае права і аслабляе інстытуты, створаныя дзеля абароны чалавецтва ад вайны. Гэта спараджае гвалт, агрэсію і апраўданне канфліктаў, калі чалавек аказваецца ў ілюзіі, "што лепшая будучыня – без іншага і супраць іншага". Аднак рэлігіі ведаюць, што без іншага няма будучыні. “Мы павінны будаваць масты, а не муры”, - гаворыцца ў дакуменце.

Змена парадыгмы

Падчас сустрэчы прагучаў моцны заклік да “бяззбройнага супакою і супакою, які абяззбройвае”. “Будучыні не будзе, калі вайна заменіць дыпламатыю і дыялог ва ўрэгуляванні канфліктаў,” – падкрэслілі ўдзельнікі.

Рэлігійныя лідары заклікалі да змены парадыгмы, каб чалавечая супольнасць вярнулася ў цэнтр, каб жыць разам, будуючы масты, а не муры, каб бяспека грунтавалася на дыялогу, а не на нарошчванні ўзбраенняў. Адважыцца на мір – значыць даць надзею новым пакаленням, бо “ніякая вайна не святая, святы толькі мір!”

Малітва можа змяніць гісторыю

На сустрэчы прагучалі словы Яна Паўла ІІ, сказаныя ў Асізі ў 1986 годзе: “Мір – гэта будаўнічая пляцоўка, адкрытая для ўсіх.” Супольнасць святога Эгідзія ідзе гэтым шляхам, упэўненая, што “мір заўсёды магчымы”, што малітва можа змяніць гісторыю, і што Бог чуе плач тых, хто пакутуе ад вайны.

Наступны крок – Асізі ў 2026 годзе

Кіраўнік Супольнасці святога Эгідзія Марка Імпальяца паведаміў, што наступная сустрэча лідараў сусветных рэлігій адбудзецца ў Асізі ў 2026 годзе, калі будзе адзначацца саракавая гадавіна першай гістарычнай малітвы за мір. “Мір заўсёды магчымы”, і ў нашых руках зрабіць так, каб “іскры надзеі, пра якія гаворыць Папа Леў”, ператварыліся ў святло, - сказаў Імпальяца.

Дзеці трымаюць зварот аб міры падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі
Дзеці трымаюць зварот аб міры падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі   (@Vatican Media)
29 кастрычніка 2025, 10:36