Пошук

Наступствы страляніны на вуліцах Рыа-дэ-Жанейра Наступствы страляніны на вуліцах Рыа-дэ-Жанейра  (AFP or licensors)

Біскупы Бразіліі: насілле і страх паранілі Рыа-дэ-Жанейра

“Насілле і страх паранілі сэрца нашага горада і пазбавілі многія дамы спакою”, - адзначыў кардынал Арані Жуан Тэмпэста. Арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра заклікаў грамадскасць будаваць мір праз змаганне з нянавісцю, помстай і абыякавасцю.

Ян Глінскі

На гэтым тыдні ў бразільскім мегаполісе падчас паліцэйскай аперацыі па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў загінулі 119 чалавек. У апошнія дні некалькі муніцыпалітэтаў штата Рыа-дэ-Жанейра, асабліва ў сталічным рэгіёне, сталі сведкамі серыі актаў насілля.

Службы грамадскай бяспекі Рыа-дэ-Жанейра правялі аперацыю супраць “Чырвонага камандас”, каб прадухіліць захоп горада гэтай злачыннай арганізацыяй. У апошнія гады ў фавэлах Рыа-дэ-Жанейра, поўных наркагандляроў, праводзіліся паліцэйскія рэйды. Былі задзейнічаны таксама бразільскія вайсковыя сілы. Дзякуючы гэтым мерам, аднак, не ўдалося палепшыць бяспеку мясцовага насельніцтва і цалкам знішчыць наркакартэлі.

“Як пастыр гэтага Касцёла, я не магу не выказаць жалю з прычыны такога вялікага цярпення, – падкрэсліў мітрапаліт. – Жыццё і чалавечая годнасць з’яўляюцца абсалютнымі каштоўнасцямі. Чалавечае жыццё – гэта святы дар ад Бога, і яго трэба заўсёды бараніць і ахоўваць”.

Біскупы Першага біскупскага рэгіёна Бразіліі (CNBB), які ахоплівае штат Рыа-дэ-Жанейра, апублікавалі афіцыйны зварот, у якім асудзілі акты насілля і заклікалі да міру. Дакумент біскупаў стаў рэакцыяй на страляніну злачынцаў па кіроўцах і пасажырах на галоўнай вуліцы горада (Авеніда Брасіл) пасля паліцэйскай аперацыі на поўначы Рыо-дэ-Жанейра. “Грамадства перажывае глыбокую нестабільнасць, і нават месцы культу падвяргаюцца вандалізму”, – напісалі біскупы і выказалі “салідарнасць і блізкасць з усімі ахвярамі”.

“Глыбокае абурэнне” выказалі таксама супрацоўнікі дабрачыннага таварыства Caritas Бразіліі. У сваім маніфесце арганізацыя патрабуе “суровага і празрыстага расследавання кожнай смерці і кожнай раны”.
 

31 кастрычніка 2025, 08:46