Саміт у ЗША: новая місійная эра евангелізацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Удзельнікі амерыканскай анлайн-канферэнцыі, прысвечанай выклікам евангелізацыі ў сеціве, падкрэслілі, што рашэнні ў гэтай сферы павінны грунтавацца на Святым Пісанні, а не проста на трэндах.
Двухдзённы віртуальны саміт быў арганізаваны кампаніяй “eCatholic” – амерыканскай фірмай, якая стварае вэб-сайты і прапануе лічбавыя паслугі для парафій. Асноўны даклад зрабіў ксёндз Джэймс Шы, старшыня каталіцкага Універсітэта Марыі ў штаце Паўночная Дакота.
Святар адзначыў, што сённяшнія каталіцкія евангелізатары павінны "паводзіць сябе інакш". Ён працытаваў словы хрысціянскага пісьменніка Клайва Стэйплза Льюіса, што свет – гэта "акупаваная ворагам тэрыторыя", дадаўшы, што "Пан заўсёды знаходзіцца ў тыле ворага, каб пачаць рух супраціву".
Шы заклікаў заўсёды прымаць новыя тэхналогіі. У якасці прыкладу ён прывёў амерыканскага іерарха, Слугу Божага арцыбіскупа Фултана Шына, які ў сярэдзіне ХХ стагоддзя стаў адным з першых тэлеевангелізатараў. У той час як многія называлі тэлевізар "скрыняй д'ябла", арцыбіскуп Шын убачыў у ім ідэальны сродак для абвяшчэння веры і дасягнуў неверагоднага поспеху са сваёй праграмай "Жыццё вартае таго, каб жыць".
Падчас аднаго з семінараў Сара Якліч, дырэктар па лічбавых тэхналогіях архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса, падкрэсліла, што найвялікшым дарам Езуса ў яго прыпавесцях было "мастацтва апавядання". Яна патлумачыла, што ў лічбавай евангелізацыі важны асабісты падыход – не трэба мець самае дарагое абсталяванне, каб нешта змяніць.
Ксёндз Роджэр Лэндры, нацыянальны дырэктар Папскіх місійных таварыстваў у Злучаных Штатах, таксама назваў арцыбіскупа Шына крыніцай натхнення. "Ён паказаў нам важнасць выкарыстання ўсіх наяўных сродкаў для абвяшчэння Евангелля", - адзначыў святар, нагадаўшы пра яго шматлікія кнігі, радыёпраграмы і, у рэшце рэшт, трыумф на тэлебачанні.