Пошук

Еўрапейская сустрэча моладзі ў Таліне. 2024 год Еўрапейская сустрэча моладзі ў Таліне. 2024 год 

Парыж рыхтуецца да рэкорднай сустрэчы моладзі "Тэзэ"

У Парыжы ідзе актыўная падрыхтоўка да Еўрапейскай сустрэчы моладзі “Тэзэ”. Чакаецца, што яна стане адной з самых масавых за апошнія гады, пераўзыходзячы папярэднія падзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай “Супольнасцю з Тэзэ”. Браты і валанцёры робяць усё магчымае, каб пілігрымаў змаглі прыняць усе парыжскія парафіі. Штодзённыя малітвы і сустрэчы, што ладзяцца на тэрыторыі ўсёй архідыяцэзіі, збіраюць сотні маладых людзей, гатовых дапамагчы ў рэалізацыі гэтага супольнага праекта.

Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў ужо цяпер перавышае мінулагоднія паказчыкі, што сведчыць пра вялікую цікавасць да падзеі

Арганізатары адзначаюць, што сустрэча, верагодна, будзе вельмі шматлюднай. Ужо ў кастрычніку колькасць зарэгістраваных перавысіла агульную колькасць удзельнікаў мінулагодняй сустрэчы ў Таліне. Некалькі нечаканым для братоў стала тое, што найбольш шматлікай групай на гэты момант з’яўляюцца маладыя немцы. Палякі і італьянцы дзеляць другое месца, а за імі ідуць французы, украінцы і славенцы.

Малітва з’яўляецца не толькі фундаментам падрыхтоўкі, але і галоўнай мэтай самой сустрэчы

Праграма сустрэчы будзе насычана духоўнымі падзеямі. Удзельнікі будуць браць удзел у паўднёвых малітвах у знакавых святынях французскай сталіцы: катэдры Нотр-Дам, базіліцы Сакрэ-Кёр, касцёле святой Марыі Магдалены, а таксама ў іншых касцёлах у цэнтры Парыжа. Увечары ўсе будуць збірацца на супольнае малітоўнае чуванне ў стылі “Тэзэ” ў канцэртнай зале “Accor Arena Bercy”.

Еўрапейская сустрэча моладзі распачнецца 28 снежня 2025 года і працягнецца да 1 студзеня 2026 года. Спасылку для рэгістрацыі ўдзелу і дадатковую інфармацыю можна знайсці ў сацыяльных сетках “Тэзэ” (Taizé) і на афіцыйным сайце Супольнасці.
 

21 кастрычніка 2025, 10:40