Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Ружанцовы кангрэс, малітоўная акцыя дзяцей, юбілей касцёла – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апостальскі Нунцый наведаў Гомель. З нагоды 75-годдзя стварэння кангрэгацыі Місіянерак Любові (сясцёр Маці Тэрэзы) 7 кастрычніка 2025 года ў Доме міласэрнасці ў Гомелі адбылася святая Імша з удзелам арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі, біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца. У Імшы таксама ўдзельнічалі пастаяльцы Дому міласэрнасці, дзе ў той дзень зладзілі святочны абед для бедных. Пастырскі візіт Нунцыя завершыўся 8 кастрычніка – іерарх наведаў гомельскі касцёл, дабрачынную каталіцкую місію Caritas, пазнаёміўся з ходам будаўніцтва новага храма.

Акцыя "Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы" адбылася ў парафіях Беларусі. 7 кастрычніка 2025 года да сусветнай акцыі далучыліся таксама дзеці, якія наведваюць Місію Добрага Самараніна ў Мінску. Сустрэча ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У малітве ўдзельнічаў таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля Эўхарыстыі адбылася малітва на Ружанцы ў інтэнцыі міру, падчас якой дзеці разважалі аб балесных таямніцах.

Ружанцовы кангрэс прайшоў у Магілёве. 4 кастрычніка 2025 года мерапрыемства сабрала вернікаў з розных куткоў Беларусі, каб дапамагчы ім паглыбіцца ў марыйную лінію салезіянскай духоўнасці. Прысутных прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Ён адзначыў, што сустрэча, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных супольнасцяў салезіянскай сям’і, з’яўляецца каштоўным момантам еднасці і натхнення для ўсіх, хто прысвячае сваё жыццё служэнню моладзі і Касцёлу. Удзельнікі заслухалі даклады і маліліся на святой Імшы ў духу падзякі за ўсе ласкі, атрыманыя падчас кангрэса.

У гродзенскай семінарыі прывіталі новага рэктара. 6 кастрычніка 2025 года тут падзякавалі за служэнне ранейшаму рэктару, ксяндзу Віталію Вайцяхоўскаму, прызначанаму пробашчам парафіі ў Ашмянах – на месца раптоўна памерлага ксяндза Яна Варанецкага. І прывіталі новага рэктара – ксяндза Яна Раманоўскага, які да гэтага часу быў прэфектам навучальнай установы. У капліцы семінарыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У Докшыцах з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі 30 год кансэкрацыі касцёла. 4 кастрычніка 2025 года дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў свята, у якім удзельнічалі таксама дэкан Докшыцкі ксёндз Уладзімір Шымковіч, браты капуцыны на чале з кусташам Беларускай кустодыі айцом Алегам Шэндам, законныя сёстры, прадстаўнікі свецкай улады. Дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне прадставілі прысутным відэапрэзентацыю са сведчаннямі пра гісторыю касцёла.

У Росі прайшла сустрэча назарэтанак Беларускай правінцыі. З 4 па 6 кастрычніка 2025 года сёстры, якія служаць у розных частках Беларусі, мелі магчымасць разам памаліцца і падзяліцца досведам служэння. Каштоўнымі момантамі сустрэчы сталі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і анлайн-канферэнцыя, з якой выступіла генеральная асістэнтка кангрэгацыі сястра Аліна Фурчык. На завяршэнне настаяцельніца Беларускай правінцыі сястра Філатэя Ціхановіч разаслала назарэтанак на служэнне, сімвалічна ўручыўшы ім свечкі, каб яны неслі святло паўсюль, куды іх пасылае Бог.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 кастрычніка 2025, 07:25