Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агульнабеларуская навэнна, новы касцёл на Гродзеншчыне, пахаванне святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя “Vatican News”. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Нацыянальным санктуарыі і парафіях пачалася Агульнабеларуская навэнна. З 4 кастрычніка 2025 года набажэнства “Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!” праходзіць па распараджэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Гэта малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Навэнна працягнецца да 6 чэрвеня 2026 года.

Біскуп Гродзенскі асвяціў касцёл благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ў Абухаве. 28 верасня 2025 года біскуп Уладзімір Гуляй здзейсніў асвячэнне новага храма, парафія якога была заснаваная ў 2019 годзе. У дзень асвячэння касцёла адзначалася 17-годдзе з часу беатыфікацыі Міхала Сапоцькі. У святкаванні значнай для Гродзенскай дыяцэзіі падзеі ўдзельнічалі таксама біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч, мясцовыя праваслаўныя вернікі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Пробашч парафіі ксёндз Міхал Васількевіч назваў падзею гістарычнай і непаўторнай, доказам таго, што Бог выбраў гэтае месца і благаслаўляў вернікаў у будаўніцтве святыні.

У Баранавічах адбыўся сімпозіум, прысвечаны 100-годдзю Пінскай дыяцэзіі. 27 верасня 2025 года ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка. Пасля Імшы даклад прадставіў ксёндз Юрый Дрозд, выкладчык гэтай установы, які ў свой час быў дырэктарам каледжа. Ксёндз доктар запрасіў сабраных паглядзець на пройдзены шлях Пінскай дыяцэзіі з перспектывы біблійнага разумення часу, дзе сярод звычайнага бегу падзей Бог рэалізоўвае план збаўлення людзей. Таксама з дакладамі выступілі кандыдаты гістарычных навук Раіса Зянюк і Сяргей Верамееў.

У Каменцы адбылося пахаванне ксяндза Юрыя Свіслоцкага. 30 верасня 2025 года развіталіся са святаром, які адышоў у вечнасць на 55-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы. У пахавальнай Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічала больш за 70 святароў, біскупы, законныя сёстры. Ардынарый нагадаў, што ксёндз Юрый пабудаваў на Гродзеншчыне дзве святыні, і заўважыў, што хоць апошнія гады яго жыцця былі адзначаны цяжкай хваробай, але і ў гэтых пакутах ён заставаўся святаром, верным свайму пакліканню. У Сапоцкіне ён працягваў душпастырскую працу і засведчыў, што "святарства – гэта не прафесія, а жыццё, якое цалкам прысвячаецца Богу", падкрэсліў біскуп.

У Мазыры адзначылі 30-ю гадавіну рэкансэкрацыі касцёла. 28 верасня 2025 года ў старадаўнім мазырскім касцёле святога Арханёла Міхала адбылася ўрачыстасць, якая стала асаблівым момантам супольнай малітвы і падзякі Богу за сто гадоў Пінскай дыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка пры ўдзеле Генеральнага вікарыя дыяцэзіі біскупа Андрэя Зноскі. Імша завяршылася малітоўнай працэсіяй і асвячэннем адноўленых бакавых алтароў касцёла, прысвечаных святому Арханёлу Міхалу і святой Рыце.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 кастрычніка 2025, 11:20