Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

100-годдзе Пінскай дыяцэзіі, пілігрымка ў Рым, свята для бацькоў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі праходзяць пры ўдзеле Пасланніка Папы. Свята пачалося 25 кастрычніка 2025 года ўнясеннем рэліквій Нябеснага Заступніка дыяцэзіі святога Андрэя Баболі ў Пінскую катэдру. Пасля прывітання Спецыяльнага Пасланніка Папы кардынала Клаўдыё Гуджэроці адбылася святая Імша падзякі за сто год дыяцэзіі. Затым у праграме – пачастунак для гасцей, канцэрт арганнай музыкі і гурта семінарыстаў. 26 кастрычніка Пасланнік Папы прыме ўдзел у Юбілеі моладзі Пінскай дыяцэзіі.

Каля 500 вернікаў з Беларусі здзейснілі пілігрымку ў Рым. 22 кастрычніка 2025 года вернікі, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, разам з іерархамі і святарамі прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі Папы Льва XIV. Пасля аўдыенцыі беларускія вернікі прайшлі ў пілігрымцы ад Замка Святога Анёла праз Плошчу Святога Пятра. Упершыню ў Рым адправілася і прайшла ў пілігрымцы да галоўнай святыні Ватыкана такая колькасць паломнікаў з адной дыяцэзіі Беларусі. Таксама ўпершыню святая Імша пры галоўным алтары Базілікі Святога Пятра цэлебравалася поўнасцю на беларускай мове. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У мінскай катэдры адбылося свята для бацькоў. 19 кастрычніка 2025 года ў межах Тыдня бацькоўскай любові свята ў архікатэдральнай парафіі распачалося святой Імшой, якую целебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У сваім прывітальным слове ён звярнуўся з віншаваннем да бацькоў і запрасіў прысутных далучыцца да супольнай малітвы за сваіх галоўных людзей у жыцці: мамаў і татаў. Пасля Эўхарыстыі адбыўся святочны арганны канцэрт.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святкаванне 35-годдзе адраджэння парафіі ў Нароўлі. 18 кастрычніка 2025 года арцыбіскуп эмэрыт наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа – менавіта ён у 1991 годзе асвяціў пляцоўку і вуглавы камень пад будоўлю новай святыні адроджанай парафіі. Ганаровы іерарх ахвяраваў Эўхарыстыю за ўсіх парафіянаў і гасцей і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 25 вернікам з амаль усіх парафій Мазырскага дэканату.

У Бараўлянах адбылося ўрачыстае завяршэнне года фармацыі для духавенства Беларусі. 20 кастрычніка 2025 года сустрэча ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў аб'яднала святароў і манаскіх асобаў. На выніковай канферэнцыі ўдзельнікі прадставілі ўласныя праекты, якія сталі адлюстраваннем новага бачання і творчага падыходу ў душпастырскай працы. Кульмінацыяй дня стала ўручэнне памятных знакаў выпускнікам праграмы, якіх павіншаваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх падкрэсліў значэнне бесперапыннай фармацыі і пажадаў, каб атрыманыя веды сталі жывым досведам у душпастырскай дзейнасці і прынеслі шчодры плён для Касцёла ў Беларусі.

Крыжовы шлях прайшоў вуліцамі Глыбокага. З 19 па 26 кастрычніка 2025 года ў парафіі Святой Тройцы адбываюцца Святыя Місіі. Удзельнікаў суправаджаюць у духоўным узрастанні айцы рэдэмптарысты Віктар Бохан і Андрэй Урублеўскі. Падчас другога дня Місій, калі вернікі разважалі пра грэх і пра дарогі, па якіх чалавек прыходзіць да яго, адбыўся Крыжовы шлях вуліцамі горада, удзельнікамі якога сталі сотні парафіян. Паміж прыпынкамі была магчымасць несці крыж кожнаму – дарослым, моладзі, дзецям, старэйшым вернікам, святарам і законным сёстрам.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.

25 кастрычніка 2025, 08:27