Пошук

Бейрут у чаканні: горад рыхтуецца да гістарычнага візіту Папы Льва XIV Бейрут у чаканні: горад рыхтуецца да гістарычнага візіту Папы Льва XIV  (ANSA)

Ліван чакае Льва XIV: візіт надзеі сярод шматгадовага крызісу

Ліванцы чакаюць візіту Льва XIV з рэалізмам і надзеяй. Архіепіскап Пола Абдэль Сатэр падкрэслівае: вернікам не патрэбны палітычныя рашэнні, ім дастаткова самой прысутнасці Папы і супольнай малітвы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Жыхары Лівана рыхтуюцца да прыезду Пантыфіка, спалучаючы радасць з цвярозым поглядам на рэчаіснасць. Краіна, якая дзесяцігоддзямі пакутуе ад сацыяльна-эканамічных і палітычных узрушэнняў, не чакае ад Святога Айца цудоўнага вырашэння ўсіх праблем.

Мараніцкі архіепіскап Бейрута ў інтэрв'ю “Vatican News” адзначыў, што для мясцовых вернікаў самым важным з’яўляецца сам факт таго, што Папа хоча быць з імі падчас сваёй першай апостальскай паездкі, якая ўключае Турцыю і Ліван.

Іерарх выказаў спадзяванне на тое, што візіт Льва XIV прыцягне ўвагу сусветнай супольнасці да сітуацыі ў рэгіёне, пры ўмове, што лідары захочуць гэта ўбачыць. Ён заўважыў, што ў эпоху сучасных медыя нават малая падзея можа падавацца вялікай, і наадварот. Таму іерарх ускладае вялікую адказнасць на журналістаў, заклікаючы іх праліць святло на несправядлівасць, з якой сутыкаюцца людзі, і нагадвае пра адказнасць міжнародных сіл за лёс Лівана.

З моманту свайго абрання 8 мая 2025 года Леў XIV неаднойчы дэманстраваў сваю глыбокую прыхільнасць да Лівана. Яго візіт успрымаецца як магутнае пасланне надзеі, міру і любові.

Архіепіскап Сатэр заахвоціў усіх ліванскіх вернікаў актыўна ўдзельнічаць у сустрэчах з Папам: прыйсці, каб пачуць яго словы і засведчыць, наколькі яны цэняць гэты жэст салідарнасці і ўдзячныя за ўсё, што Пантыфік робіць для іх народа.

Мараніцкі іерарх перакананы, што прысутнасць Льва XIV пакіне глыбокі след у сэрцы кожнага жыхара краіны. Ліванскія хрысціяне адчуваюць падтрымку з боку ўсяго каталіцкага свету і людзей добрай волі, якія вераць у місію гэтага народа.
 

24 лістапада 2025, 10:42