Пошук

Папа Леў XIV і Патрыярх Барталамей I падчас экуменічнай малітвы ў Нікеі Папа Леў XIV і Патрыярх Барталамей I падчас экуменічнай малітвы ў Нікеі  (@Vatican Media)

Барталамей I у Нікеі: наша вера – гэта духоўная перамога

Імкнуцца да хрысціянскага адзінства, спадзявацца на ласку Божую і любіць адзін аднаго, каб адзінадушна вызнаваць Айца, Сына і Святога Духа, заклікаў удзельнікаў экуменічнай малітвы ў Нікеі Патрыярх Барталамей I.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У старажытнай Нікеі, сённяшнім Ізніку, на зямлі, дзе 1700 гадоў таму адбыўся Першы Сусветны Сабор, 28 лістапада 2025 года прайшла экуменічная малітва з удзелам Папы Льва XIV і Патрыярха Барталамея I.

Праваслаўны іерарх звярнуўся да братоў і сясцёр у Хрысце з прывітальным словам. Ён падзякаваў прадстаўнікам хрысціянскіх Цэркваў за тое, што адгукнуліся на запрашэнне і сабраліся ў Нікеі, “каб сумеснай пілігрымкай ушанаваць памяць і спадчыну” Першага Сусветнага Сабора. Цытуючы псалом “Вось, як добра і як прыемна, калі браты жывуць у згодзе”, ён падкрэсліў, што сустрэча ў Ізніку – гэта не проста гістарычная ўрачыстасць у памяць пра мінулае, але і сведчанне жывой веры.

Паводле Патрыярха Канстанцінопальскага, вяртанне да крыніцы хрысціянскай веры павінна стаць стымулам, каб рухацца наперад. Па яго словах, у Нікеі “гісторыя засведчыла вечнасць” – вызнанне Хрыста як праўдзівага Бога, адзінасутнага Айцу. Гэтыя словы, увекавечаныя ў Нікейскім Сімвале веры, і сёння адлюстроўваюць апостальскую веру і з’яўляюцца яе праявай для ўсіх.

Барталамей І звярнуў увагу на значэнне назвы Нікея, якая па-грэчаску азначае “перамога”. У свецкім разуменні перамога азначае моц і ўладу, аднак для хрысціян, гэта перамога Крыжа. У вачах свету гэта здаецца "глупствам", знакам паразы, але для вернікаў у Хрыста – гэта вышэйшая праява Божай мудрасці і моцы. Гэта перамога не ад гэтага свету і "не такая, якую дае свет" (пар. Ян 14:27). Святы Дух абраў гэтае месца, каб дараваць Царкве нябесную і духоўную перамогу. Апостал Ян кажа: "Гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера." (1 Ян 5:4). Для хрысціян вера – гэта перамога, якая вызваляе ад тыраніі граху і ўздымае зямное да нябеснага, - падкрэсліў Патрыярх Канстанцінопальскі.

Напрыканцы прамовы Барталамей І нагадаў, што Нікейскі Сімвал веры – аснова ўсяго хрысціянскага існавання. Ён звярнуўся да прысутных з заклікам прытрымлівацца курса хрысціянскага адзінства, спадзявацца на ласку Божую і любіць адзін аднаго, каб адзінадушна вызнаваць Айца, і Сына, і Святога Духа, Тройцу адзінасутную і непадзельную.

28 лістапада 2025, 14:20