Сэрца, розум і душа: Бэнэдыкт XVI пра спадчыну Ньюмана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У святле абвяшчэння кардынала Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла асаблівую актуальнасць набывае погляд Бэнэдыкта XVI, які беатыфікаваў яго ў 2010 годзе.
Папа-эмерыт падкрэсліваў, што дэвіз англійскага кардынала – “Cor ad cor loquitur” (Сэрца гаворыць да сэрца) – гэта ключ да разумення хрысціянскага жыцця як паклікання да святасці і асабістай еднасці з Богам.
Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу, што, паводле Ньюмана, малітва паступова перамяняе душу, а кожны чалавек мае сваю непаўторную місію – “быць звяном у ланцугу, сувяззю паміж людзьмі”, бо “Бог не стварыў мяне дарэмна”. Гэтая думка, як лічыў Папа, мае вялікае значэнне для штодзённага жыцця верніка.
Іншым важным аспектам спадчыны Ньюмана Бэнэдыкт XVI называў яго бачанне адукацыі. Ён выступаў за цэласнае выхаванне, якое яднае інтэлектуальнае развіццё, маральную дысцыпліну і рэлігійнае жыццё.
Пантыфік асабліва адзначыў уклад англійскага кардынала ў фарміраванне этасу каталіцкіх школ і каледжаў. Сваю “Ідэю ўніверсітэта” Ньюман распрацаваў, рашуча выступаючы супраць абмежаванага і ўтылітарнага падыходу да адукацыі. Бэнэдыкт XVI нагадваў знакаміты заклік Ньюмана да добра адукаваных свецкіх вернікаў, якія “ведаюць сваю рэлігію”.
Нарэшце, Папа заўсёды падкрэсліваў, што інтэлектуальная веліч Ньюмана была неаддзельная ад яго пастырскага сэрца. Ён быў святаром, які клапаціўся пра простых людзей Бірмінгема, наведваў хворых і бедных, што і зрабіла яго “ўмілаваным айцом душ”.