Пошук

Апостальскі вікарый Стамбула біскуп Масімільяна Палінура Апостальскі вікарый Стамбула біскуп Масімільяна Палінура  

Вікарый Стамбула: Малая паства, але каштоўная як дыямент

Апостальскі вікарый Стамбула біскуп Масімільяна Палінура распавёў пра жыццё мясцовай каталіцкай супольнасці. Гэта малы, але каштоўны статак, які ў сціпласці вучыцца быць соллю і святлом на зямлі ранніх хрысціян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Нашыя хрысціянскія супольнасці ў Турцыі малыя, але і алмаз малы. Самыя каштоўныя рэчы заўсёды малыя", - гэтыя словы армянскага Патрыярха, скіраваныя да біскупа Масімільяна Палінура на пачатку яго служэння, трапна апісваюць рэчаіснасць мясцовага Касцёла.

Менавіта такую супольнасць наведвае Леў XIV падчас свайго першага апостальскага падарожжа. Гэта Касцёл, пазбаўлены зямной улады і бачнасці, які вяртаецца да вытокаў, нагадваючы першыя хатнія касцёлы, дзе кожны вернік важны і ніхто не адчувае сябе чужым.

Святая Зямля Новага Запавету і малая паства

Турцыя – гэта не проста скрыжаванне культур, гэта сапраўдная "Святая Зямля Новага Запавету". Тут нарадзіўся апостал Павел, прапаведавалі шэсць апосталаў, тут вучні Хрыста ўпершыню пачалі называцца хрысціянамі. Аднак сёння сітуацыя кардынальна іншая: калі яшчэ ў 1915 годзе хрысціяне складалі 35 працэнтаў насельніцтва, то цяпер іх доля ўсяго 0,6 працэнта.

У Апостальскім вікарыяце Стамбула пражывае каля 40 тысяч католікаў, з якіх большасць – гэта замежнікі, мігранты і бежанцы. Разам з лаціннікамі тут жывуць армяне, халдэі і сірыйцы, ствараючы ўнікальную мазаіку веры.

Шлях адзінства і сведчання

Гэтая сціплая прысутнасць, па словах біскупа Палінура, мае сваю глыбокую перавагу. Стан меншасці збліжае розныя хрысціянскія канфесіі, прымушаючы іх "ісці разам" і падтрымліваць адно аднаго.

Менавіта ў Стамбуле, дзе калісьці адбыўся разрыў паміж Усходам і Захадам, сёння бачныя першыя парасткі прымірэння, пачатак якому паклаў яшчэ Анджэла Ранкалі, будучы Папа Ян XXIII. У сучасных умовах Евангелле тут не прапаведуецца гучна, а "шэпчацца ад сэрца да сэрца", прыцягваючы людзей сваёй чысцінёй і сведчаннем любові, асабліва праз служэнне ўцекачам.

Візіт Папы Льва XIV успрымаецца як вялікае заахвочванне для гэтай малой супольнасці, якую паважаюць і падтрымліваюць нават свецкія ўлады, што праявілася ў падрыхтоўцы да святкаванняў у Нікеі.
 

28 лістапада 2025, 10:11