Пошук

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: расце забыццё пра Бога ў свеце

“Касцёл павінен менш гаварыць пра сябе, а больш пра Бога”, - лічыць кардынал Курт Кох, заклікаючы да новай евангелізацыі, у цэнтры якой павінна стаяць пытанне пра Бога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству выступіў на сімпозіуме, арганізаваным у яго гонар у нямецкім Валендары. Швейцарскі іерарх падкрэсліў, што пытанне Бога павінна мець прыярытэт над пытаннем Касцёла.

Касцёл ніколі не можа быць мэтай сам у сабе, але яго мэта – паказваць Бога ў свеце

Кардынал Кох з жалем адзначыў нарастаючае забыццё пра Бога ў грамадстве. “Мы жывём у свеце, у якім многія людзі ўжо не могуць успрымаць Бога як рэальнасць, прысутную ў іх жыцці і ў свеце. Замест гэтага яны жывуць так, нібы Бога не існуе”, - сказаў ён. Пры гэтым іерарх дадаў, што кожны чалавек “у сваёй сутнасці адкрыты на Бога, незалежна ад таго, усведамляе ён гэта ці не”.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на тое, што заўважае “трывожную эрозію вызнання веры” нават сярод хрысціян. У сувязі з гэтым ён выказаўся за новую евангелізацыю, сутнасцю якой павінна быць менавіта пытанне пра Бога.

Тыя, хто не верыць у Бога, спакушаюцца шукаць неба на зямлі

Паводле кардынала, “тыя, хто не верыць у Бога, спакушаюцца шукаць неба на зямлі”. Сродкамі для гэтага становяцца забавы, праца і каханне. Менавіта ў гэтым іерарх бачыць пагрозу таго, што чалавек можа “забавіцца да смерці, запрацавацца да смерці і нават закахацца да смерці”.

Сімпозіум у гонар кардынала Курта Коха прайшоў ва Універсітэце Вінцэнта Палоці, калегіуме айцоў-палатынаў у Валендары каля Кобленца. У сакавіку 2025 года прэфекту Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству споўнілася 75 гадоў.
 

03 лістапада 2025, 09:18