Кардыналу Нікалсу 80 гадоў: менш кардыналаў-выбаршчыкаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З нагоды юбілею колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў зменшыцца да 126. Арцыбіскуп Вестмінстэрскі пакуль працягне сваё служэнне, хоць паводле кананічнага права біскупы падаюць у адстаўку ў 75 гадоў.
Нарадзіўшыся ў 1945 годзе, будучы іерарх прайшоў святарскую фармацыю ў Рыме і Манчэстэры. Ён служыў у роднай Ліверпульскай архідыяцэзіі, быў генеральным сакратаром епіскапату, дапаможным біскупам Вестмінстэрскай архідыяцэзіі і арцыбіскупам Бірмінгемскім, пакуль у 2009 годзе не ўзначаліў Вестмінстэрскую архідыяцэзію. У 2014 годзе Папа Францішак узвёў яго ў кардынальскую годнасць.
Кардынал Нікалс вядомы сваёй руплівасцю ў сферы адукацыі, экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу. Ён узначаліў працу па абароне дзяцей і публічна папрасіў прабачэння за злоўжыванні ў Касцёле.
Іерарх быў удзельнікам такіх гістарычных падзей, як пахаванні каралевы Елізаветы ІІ, Папаў Бэнэдыкта XVI і Францішка, а таксама каранацыя караля Карла ІІІ, падчас якой ён стаў першым каталіцкім біскупам з часоў Рэфармацыі, што ўдзяліў благаслаўленне манарху. Нядаўна ён прымаў удзел у выбарах Папы Льва XIV.
Сваё служэнне кардынал Нікалс ажыццяўляе ў краіне, дзе каталіцкая іерархія была адноўлена толькі 175 гадоў таму, а сёння супольнасць вернікаў расце, у тым ліку дзякуючы мігрантам.