Грыгарыянскі спеў вяртае да веры: досвед Францыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тыднёвік “Famille Chrétienne” звяртае ўвагу на адраджэнне цікавасці да грыгарыянскага харалу ў Францыі. Курсы пры бенедыктынскім абацтве Керганан збіраюць усё больш маладых людзей, якія шукаюць глыбіні і духоўнасці. Для многіх гэтая старажытная музычная традыцыя становіцца шляхам да навяртання.
Кіраўнікі курсаў адзначаюць, што грыгарыянскі спеў валодае ўнікальнай сілай: ён супакойвае душу і прамаўляе да сэрца. “Гэта перш за ўсё біблейскі спеў, у якім гучыць Слова Божае”, - падкрэслівае бенедыктынец брат Жан-Тугдуаль. Удзельнікі не толькі вучацца спяваць, але і далучаюцца да малітоўнага жыцця супольнасці, знаходзячы адказ на сучасную патрэбу ва ўнутранай рэфлексіі.
Сведчаннем духоўнай моцы харалу з’яўляецца гісторыя Ларана са Швецыі. Выпадкова трапіўшы на вячэрню ў абацтве, ён быў настолькі ўражаны спевам манахаў, што праз яго адкрыў для сябе каталіцкую веру.
Гэты прыклад паказвае, як старажытная спадчына Касцёла становіцца актуальным інструментам евангелізацыі.