Касцёл Францыі абмяркоўвае балючыя тэмы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 4 па 9 лістапада 2025 года ў Лурдзе прайшла першая пленарная асамблея французскага епіскапату пад кіраўніцтвам новага старшыні, кардынала Жан-Марка Авэліна. Сустрэча з самага пачатку адбывалася пад знакам няпростых дыскусій.
Асноўная ўвага на сустрэчы была нададзена пытанню святароў, якія ўжо адбылі пакаранне за сексуальны гвалт. Гэтая тэма стала асабліва актуальнай пасля таго, як адзін з біскупаў прызначыў дыяцэзіяльным канцлерам святара, асуджанага ў 1993 годзе за злоўжыванні ў дачыненні да непаўналетняга, матывуючы гэта “шляхам міласэрнасці”. Пасля грамадскага рэзанансу і закліку з боку іншых біскупаў, прызначэнне было адменена.
Цяпер іерархі імкнуцца выпрацаваць агульны падыход да такіх сітуацый. “Часам, проста выстаўляючы гэтых святароў на вуліцу, мы робім іх больш небяспечнымі, чым калі мы іх суправаджаем”, - адзначыў арцыбіскуп Вінцэнт Жордзі, віцэ-старшыня епіскапату.
Другой важнай тэмай стала будучыня каталіцкай адукацыі, якая ахоплівае 17 працэнтаў усіх навучэнцаў Францыі. З аднаго боку, дзяржава патрабуе, каб гэтыя школы прымалі больш вучняў з сацыяльна неспрыяльных сем’яў, што ставіць пад пытанне захаванне каталіцкай ідэнтычнасці. З іншага боку, узнікла палеміка вакол права настаўнікаў маліцца з вучнямі перад заняткамі. Міністр адукацыі выступіў супраць, заявіўшы, што “хвіліна, аплачаная дзяржавай, – гэта хвіліна навучання”.
Падсумоўваючы дыскусіі, кардынал Авэлін падкрэсліў, што “Касцёл павінен захаваць свабоду выказваць сваё меркаванне ў грамадстве”. Ён адзначыў важнасць імкнення моладзі да ідэнтычнасці, але перасцярог ад “небяспечнай карыкатуры” – “экстрэмізму, заснаванага на ідэнтычнасці”.