Пошук

2025.11.03 Carta Ecumenica (Charta Oecumenica)

Біскуп пра новую “Экуменічную хартыю” і выклікі для хрысціян

Экуменізм – гэта не стратэгія выжывання, а працэс евангелізацыі, - заявіў біскуп Бэртрам Маер напярэдадні падпісання абноўленай “Экуменічнай хартыі” ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сумеснай сесіі каталіцкай Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК) у Рыме плануецца падпісанне абноўленай версіі “Экуменічнай хартыі”.

З гэтай нагоды біскуп Аўгсбургскі Бэртрам Маер падкрэсліў, што працэсы збліжэння паміж Цэрквамі з’яўляюцца не проста прагматычнай стратэгіяй, а найперш супольным сведчаннем аднаго Евангелля.

Нямецкі іерарх адзначыў, што апублікаваная ў 2001 годзе Хартыя стала арыенцірам для супрацоўніцтва паміж хрысціянамі ў Еўропе, а яе новая версія абагульняе дасягненні дыялогу на розных узроўнях. Ён назваў экуменізм “служэннем на карысць усяго Цела Хрыста”, падкрэсліваючы, што “плёны дыялогу павінны спажывацца ўсімі”.

Разам з тым, біскуп Маер прызнаў, што экуменізм сутыкаецца і з цяжкасцямі. “Нягледзячы на ўсе дамоўленасці, дасягнутыя за апошнія дзесяцігоддзі, Цэрквы недастаткова зблізіліся ні ў пытанні эклезіялогіі, ні ў пытанні ўяўлення аб тым, як павінна выглядаць адзінства”, - заўважыў ён, указаўшы на балючую напружанасць і падзелы ўнутры праваслаўнай сям’і і англіканскага свету.

На думку іерарха, абноўленая Хартыя ўдала адлюстроўвае рэальнасць сучаснага еўрапейскага грамадства, якое вагаецца паміж рэлігійным плюралізмам і індыферэнтызмам.

Ужо ў 2001 годзе падпісанты дакумента абавязаліся сумесна абвяшчаць Евангелле, пазбягаючы “шкоднай канкурэнцыі”, а таксама маліцца і дзейнічаць разам, клапаціцца пра стварэнне і развіваць адносіны з юдаізмам і ісламам.
 

05 лістапада 2025, 11:00