Юрысты епіскапатаў Еўропы абмеркавалі рэформу права
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 19 па 21 лістапада 2025 года ў сталіцы Шатландыі па запрашэнні арцыбіскупа Леа Кушлі адбыўся форум юрыдычных кансультантаў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE). Галоўнай мэтай сходу стаў аналіз перагляду кананічнага права ў кантэксце агульнай рэформы Касцёла.
Тэалогія першых стагоддзяў як арыенцір для прававой рэформы
Пасля ўступа ад генеральнага сакратара шатландскага епіскапату ксяндза Джэрарда МакГінеса, слова ўзяла доктар Сара Парвіс з Эдынбургскага ўніверсітэта. Даследчыца пераканана: абноўлены Кодэкс павінен абапірацца на прынцыпы ранняга хрысціянства. Гаворка ідзе пра яснасць, сінадальнасць і стварэнне шляху міласэрнасці для тых, хто прагне вярнуцца ў супольнасць вернікаў.
Тэму развіў ксёндз Томас Мэгіл, які засяродзіўся на сувязі паміж мясцовым і ўніверсальным Касцёлам. Ён падкрэсліў, што сапраўдная сінадальнасць, заснаваная на эклезіялогіі Другога Ватыканскага Сабора, прадугледжвае супольную адказнасць усіх вернікаў і ўзмацненне дыялогу паміж біскупамі і Папам.
Эвалюцыя заканадаўства падчас пантыфікату Льва XIV
Гістарычны агляд зрабіў епарх Кошыцэ Кірыл Васіль, прасачыўшы шлях ад Кодэкса 1917 года да сучасных рэформ Папы Францішка. Іерарх адзначыў, што прававая сістэма становіцца ўсё больш і больш душпастырскай і ўважлівай да патрэб чалавека.
У завяршэнне прадстаўнік COMECE Алесандра Кальканья пазнаёміў прысутных з актуальнымі зменамі ў еўрапейскім заканадаўстве. Праграма форуму ўключала таксама дыскусіі па канкрэтных юрыдычных пытаннях і час на супольную малітву.