Папа і біскупы Германіі: асабістыя сустрэчы і дыялог
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Ватыкане працягваецца інтэнсіўны дыялог з прадстаўнікамі Касцёла ў Германіі. Услед за сустрэчай дэлегацый, Папа правёў дзве прыватныя аўдыенцыі: 12 лістапада 2025 года ён прыняў Біскупа Аўгсбургскага Бертрама Маера, а 13 лістапада – Біскупа Хільдэсхаймскага Хайнэра Вільмэра. Гэтыя асабістыя сустрэчы адбываюцца ў кантэксце больш шырокіх размоў аб будучыні Касцёла ў гэтай краіне.
Для біскупа Маера гэта была першая сустрэча з Львом XIV. Іерарх падзяліўся, што гэта была "вельмі сяброўская і інтэнсіўная размова", падчас якой ён адчуў Пантыфіка як "надзвычай уважлівага і спагадлівага слухача". У цэнтры ўвагі былі як пытанні Паўсюднага Касцёла (біскуп Маер узначальвае Камісію па справах Паўсюднага Касцёла ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі), так і сітуацыя ў самой Германіі.
Як паведаміў Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву (KNA)прэс-сакратар Хільдэсхаймскай дыяцэзіі, у цэнтры размовы біскупа Вільмэра са Святым Айцом была сітуацыя непасрэдна ў яго дыяцэзіі. Асаблівая ўвага была нададзена душпастырскім выклікам, характэрным для паўночнанямецкага рэгіёна.
У сераду, 12 лістапада, адбылася ўжо чацвёртая сустрэча прадстаўнікоў Рымскай курыі і Канферэнцыі Біскупаў Германіі (DBK) для працягу дыялогу. З нямецкага боку ў ёй удзельнічалі старшыня епіскапату біскуп Георг Бетцынг, генеральны сакратар Беатэ Жыль, а таксама біскупы Штэфан Акерман, Франц-Ёзаф Овербэк і Бертрам Маер. У якасці госця прысутнічаў біскуп Штэфан Остэр.
Варта адзначыць, што Леў XIV ужо сустракаўся са старшынёй нямецкага епіскапату ў пачатку верасня 2025 года, што сведчыць пра бесперапыннасць камунікацыі на найвышэйшым узроўні.