Напярэдадні візіту Папы: надзеі турэцкіх католікаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас свайго першага замежнага падарожжа, якое пройдзе 27-30 лістапада 2025 года ў Турцыі, Папа сустрэнецца з прэзідэнтам Эрдаганам. Старшыня мясцовага епіскапату, арцыбіскуп Марцін Кметэц, спадзяецца, што візіт стане “пазітыўным сігналам адкрытасці” ўлад да хрысціянскай меншасці. Пасля Турцыі Пантыфік наведае Ліван.
Галоўная нагода візіту – 1700-годдзе Нікейскага сабору, пасланне якога, па словах арцыбіскупа, дае сілу “супрацьстаяць насіллю і маніі велічы”.
Істотнай часткай візіту стануць “братэрскія” сустрэчы Льва XIV з Патрыярхам Кантантынопальскім Барталамеем І. На думку арцыбіскупа Кметэца, гэта важны знак для ўсіх хрысціянскіх лідараў. Такія сустрэчы запрашаюць “стаць на калені адзін перад адным, прасіць прабачэння, шукаць еднасці і прызнаваць прысутнасць Хрыста ў свеце”, - сказаў ён.
Праграмай прадугледжана экуменічная малітва ў Ізніку (старажытнай Нікеі) і ўдзел Папы ва ўрачыстасцях з нагоды свята апостала Андрэя ў Стамбуле.
Чакаецца, што Пантыфіка і Патрыярх таксама падпішуць Сумесную дэкларацыю. Арцыбіскуп Кметэц выказаў спадзяванне на тое, што яна працягне экуменічную лінію папярэдніка Льва XIV, Папы Францішка. Аднак, паколькі дакладны змест дакумента невядомы, іерарх дадаў: “Будзем спадзявацца на прыгожы сюрпрыз”.
Візіт у Турцыю з’яўляецца часткай першага замежнага падарожжа Пантыфіка, які ўзышоў на Пасад Пятра 8 мая 2025 года. Адразу пасля гэтага, з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года, Леў XIV наведае Ліван.