Білборд з выявай Папы Льва XIV на вуліцах Бейрута Білборд з выявай Папы Льва XIV на вуліцах Бейрута  (ANSA)

“Caritas” у Ліване: людзі вераць, што Папа прынясе знак міру

Напярэдадні апостальскага падарожжа Льва XIV у Ліван, якое адбудзецца з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года, айцец Мішэль Абуд, старшыня “Caritas” у гэтай краіне, удзяліў інтэрв’ю “Vatican News”.

Ян Глінскі

“Гэта візіт салідарнасці: дзякуючы яму народ будзе ведаць, што, нягледзячы на ўсе цяжкія сітуацыі, якія ён перажыў, ён не пакінуты. Касцёл і свет падтрымліваюць Ліван”, – падкрэсліў старшыня дабрачыннага таварыства.

З 2011 года ў Ліван прыбыла 1,5 мільёна сірыйскіх бежанцаў, што моцна ўдарыла па і без таго слабой эканоміцы краіны. Сацыяльная і медыцынская інфраструктура апынулася пад вялікім ціскам, а выхад бежанцаў на рынак працы ўзмацніў канкурэнцыю з мясцовымі. Сітуацыю пагоршылі палітычная нестабільнасць, пандэмія COVID-19, выбух у бейруцкім порце 4 жніўня 2020 года і нядаўняе ўзнаўленне напружанасці з Ізраілем. Крызіс стварыў “новых бедных”. Айцец Абдуд перакананы, што, наведаўшы Ліван, Папа дасць голас пакутуючым, і гэты голас будзе пачуты многімі краінамі, якія могуць аказаць падтрымку.

Як падкрэсліў старшыня дабрачыннага таварыства, людзі больш за ўсё прагнуць міру і пэўнай будучыні, аднак вымушаны жыць “у пастаянным страху”. Па словах айца Абдуда, людзі ўсё ж такі захоўваюць надзею і вераць, што Папа прынясе знак міру. І тады вялікая ліванская дыяспара таксама пачне вяртацца дадому.

Кажучы пра місію сваёй арганізацыі, кіраўнік ліванскага “Caritas” патлумачыў, што яго актывісты працуюць сярод найбольш уразлівых груп: кормяць галодных, даглядаюць хворых, забяспечваюць доступ да ўрачоў і аплачваюць лячэнне ў бальніцы. “У нашай краіне шмат мігрантаў. Ёсць сірыйцы: для нас яны – вобраз Бога, – адзначыў старшыня “Caritas”. – Мы адчуваем духоўны абавязак дапамагаць ім. Іх колькасць расце”.

Візіт Святога Айца, паводле меркавання кіраўніка дабрачыннага таварыства, мае моцнае сімвалічнае значэнне – бацькоўскае і салідарнасці з пацярпелымі ад выбуху. “Гэта будзе суцяшэннем для сем’яў, якія страцілі блізкіх. Гэта будзе выразам салідарнасці з усімі параненымі, якія страцілі свае дамы”, – дадаў айцец Абуд.

Як нагадаў кіраўнік “Caritas” у Ліване, Папа Ян Павел II і Папа Францішак лічылі Ліван не проста краінай, а праектам міру: у краіне існуе 18 рэлігійных абшчын, пераважна мусульмане і хрысціяне. “Яны зразумелі, што нельга жыць у ізаляцыі, а толькі ў супольнасці, – дадаў айцец Абуд. – Калі кожная супольнасць жыве сваёй рэлігійнасцю і верай, яна будзе жыць у гармоніі. Таму Ліван застаецца пасланнем, сведчаннем”.
 

21 лістапада 2025, 07:52