Пошук

Наступствы выбуху ў порце Бейрута Наступствы выбуху ў порце Бейрута 

Віцэ-прэм’ер Лівана: малітва Папы ў порце дапаможа вылечыць раны

Малітва Папы Льва XIV на месцы выбуху ў бейруцкім порце павінна стаць момантам духоўнага аздараўлення для Лівана, лічыць віцэ-прэм’ер Тарэк Мітры. Ліванцы чакаюць ад Пантыфіка словы міру і пацвярджэння таго, што Ліван застаецца краінай, дзе дыялог і суіснаванне магчымыя, бо яны ніколі не знікалі.

Vatican News

Малітва Льва XIV на месцы выбуху ў порце Бейрута “будзе мець вельмі важнае значэнне, бо дапаможа ўсёй супольнасці вылечыць раны ад гэтага трагічнага здарэння”, - заявіў віцэ-прэм’ер Лівана Тарэк Мітры падчас свайго візіту ў Рым.

Пантыфік наведае Ліван з 30 лістапада па 2 снежня 2025 года. Праграма апостальскага падарожжа прадугледжвае візіт у порт, дзе загінулі 218 чалавек і каля сямі тысяч былі паранены.

Тарэк Мітры, праваслаўны і член Сусветнай рады Цэркваў, сустрэўся 25 кастрычніка 2025 года з Папам і Дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам. Ён адзначыў, што апостальскае падарожжа ў Ліван, якое адбудзецца пасля візіту ў Турцыю, стане момантам, калі Папа выкажа ўвагу і духоўную падтрымку ахвярам выбуху, "які пакінуў глыбокія шрамы ў сем’ях, і, магчыма, ва ўсіх ліванцаў". 

Следства па справе аб выбуху ўсё яшчэ працягваецца. “Мы, як урад, робім усё магчымае, каб падтрымаць судовую ўладу, якая ў Ліване, як і ў многіх іншых дэмакратычных краінах, незалежная. Спадзяёмся, што яна зможа завяршыць сваю працу як мага хутчэй”, - падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Палітык прызнаў, што расследаванне было “надзвычай складаным і вельмі марудным”. Праз пяць гадоў пасля выбуху прычыны трагедыі ўсё яшчэ не вядомыя, няма выразнага разумення, якія людзі або краіны стаяць за выбухам. Гэта мог быць проста няшчасны выпадак, але нават у такім выпадку халатнасць таксама з’яўляецца свайго роду злачынствам.

Мірнае суіснаванне мацнейшае за канфлікты

Папа наведае цэнтр Бейрута – месца, якое было полем бою ўсіх грамадзянскіх канфліктаў у Ліване. Ён сустрэнецца з моладдзю, якая не бачыла вайны, але паранена канфліктамі, якія перажыў Ліван пасля вайны. “Ад Папы людзі чакаюць слова міру і пацвярджэння таго, што Ліван застаецца краінай, дзе магчымыя дыялог і суіснаванне, бо яны ніколі не знікалі, нягледзячы на ўнутраныя канфлікты паміж супольнасцямі, якія мы перажылі”, - сказаў Мітры. Ніводзін ліванец “не скажа, што мы больш не здольныя жыць разам. У рэшце рэшт, суіснаванне мацнейшае за нашы канфлікты”, - дадаў ён.

Дыялог жыцця

Ліван характарызуецца тым, што яго жыхары называюць “дыялогам жыцця”: людзі працягваюць жыць разам, нягледзячы ні на што, падзяляюць шматлікія каштоўнасці, у тым ліку і рэлігійнага паходжання. У іх аднолькавыя погляды на жыццё, смерць, любоў і Божую міласэрнасць, нават калі яны гавораць на розных мовах. Яны маюць агульныя звычаі, аднолькавую кухню, - распавёў Тарэк Мітры. 75-гадовы палітык узгадаў сваю маладосць: “Мы не ведалі, хто з нашых сяброў быў мусульманінам, хто хрысціянінам – сяброўства было моцнай сувяззю, якая пераўзыходзіла адрозненні”.

Рэлігіі і канфлікты

Сёння, паводле Тарэка Мітры, праблема не ў міжрэлігійных адносінах, а ў тым, што ў канфліктах часам бываюць бакі, якія інструменталізуюць рэлігійныя пачуцці і вучэнні, каб падсілкоўваць канфлікты. У гэтым выпадку знайсці палітычнае рашэнне канфлікту недастаткова. Ён падкрэсліў неабходнасць “выключыць рэлігійнае ўмяшанне ў палітычныя канфлікты і выкарыстоўваць рэлігію як рэсурс для міру, а не як сродак абвастрэння канфліктаў”.

Асноўнай прычынай многіх сучасных войнаў палітык лічыць жаданне сцвердзіць сваю адметнасць у адносінах да іншых, будзь то пачуццё перавагі або страх непаўнавартаснасці. Таму канфлікты могуць мець рэлігійнае вымярэнне, хаця і не з’яўляюцца рэлігійнымі войнамі. Людзі не ваююць за дактрыну, але за зямлю, інтарэсы, межы і ідэнтычнасць. Рэлігія ўступае ў гульню як дадатковае вымярэнне гэтых канфліктаў. Часам гэта ўзнікае ў ходзе развіцця грамадства, у якім рэлігійны светапогляд часам вызначае, хто мы і хто іншыя. І замест таго, каб дапамагчы нам пераадолець разрыў паміж намі і іншымі, гэта яшчэ больш пашырае яго.

Справядлівасць, ісціна і прабачэнне

Як дыпламат і былы кіраўнік місіі ААН у Лівіі, Тарэк Мітры падкрэсліў, што сапраўдны мір немагчымы без ліквідацыі карэнных прычын, якія часта звязаны з пытаннямі справядлівасці. Ісціна таксама мае першаступеннае значэнне, бо без яе няма справядлівасці. А дзе ёсць ісціна, там можа быць і прабачэнне, якое становіцца выпраўленнем вузкага разумення справядлівасці.

У заключэнне палітык адзначыў, што існуе як размеркавальная, так і рэстытуцыйная справядлівасць. Апошняя дапамагае як ахвяры, так і прыгнятальніку вылечыць свае ўспаміны і дараваць. “Калі ахвяра дарае прыгнятальніку, усё супакойваецца, і можна быць упэўненым, што канфлікты, якія падзялялі грамадства, больш не паўторацца", - заключыў Тарэк Мітры.

30 кастрычніка 2025, 11:47