Германія: старэнне ордэнаў – час на пераасэнсаванне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Колькасць кансэкраваных асоб у Германіі змяншаецца, а іх сярэдні ўзрост расце: каля 82 працэнтаў манахінь і 49 працэнтаў манахаў старэйшыя за 65 гадоў. Гэта ставіць многія супольнасці на мяжу існавання.
Ад страху да надзеі: новая перспектыва
У інтэрв’ю для нямецкага каталіцкага партала katholisch.de два эксперты ў галіне кананічнага права, сястра Францыска Мітэрэр і айцец Рафаэль Рыгер, падзяліліся сваім бачаннем будучыні манаскіх кангрэгацый, якія сутыкнуліся з праблемай старэння і адсутнасці пакліканняў.
Замест таго, каб гаварыць пра “паміраючыя” ордэны, яны прапануюць паняцце “супольнасці ў завяршэнні”. Па словах экспертаў, гэты тэрмін – не эўфемізм для страшнай рэчы, а спроба зірнуць на працэс з хрысціянскай перспектывы надзеі, бо кожная місія мае свой пачатак, росквіт і завяршэнне, што не абясцэньвае яе гісторыю.
Крытэрыі для вызначэння таго, што супольнасць знаходзіцца “ў завяршэнні”, можна вывесці з інструкцыі “Cor orans” для жаночых кантэмпляцыйных ордэнаў. Гаворка ідзе пра здольнасць супольнасці жыць сваёй харызмай, забяспечваць кіраванне і фармацыю, падтрымліваць супольнае жыццё і эканамічную самастойнасць.
Ад дыягностыкі да дзеяння: што рабіць?
Эксперты падкрэсліваюць, што супольнасці павінны праяўляць ініцыятыву і не чакаць, пакуль хтосьці звонку ўмяшаецца ў іх справы. Важна не “адседжвацца”, а праактыўна браць будучыню ў свае рукі.
Магчымыя рашэнні ўключаюць аб’яднанне з іншымі супольнасцямі, стварэнне федэрацый ці нават сумесны пераезд у адно месца, як гэта зрабілі тры бенедыктынскія супольнасці ў Швейцарыі. Кананічнае права дае для гэтага шырокую і гнуткую базу, а Апостальская Сталіца, па назіраннях экспертаў, таксама падтрымлівае ініцыятывы, якія ідуць “знізу”.
Заклік да адвагі і творчасці
Галоўны заклік сястры Францыскі Мітэрэр і айца Рафаэля Рыгера да манаскіх супольнасцей – перастаць баяцца гэтай тэмы, рэалістычна ацэньваць сітуацыю і, захоўваючы хрысціянскую надзею, шукаць творчыя рашэнні, памятаючы, што Бог прысутнічае ва ўсіх працэсах пераўтварэння.