Невядомыя старонкі: у Рыме прэзентавалі запісы Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падзея адбылася ў мінулую пятніцу вечарам, 21 лістапада 2025 года, у сімвалічным месцы – нямецкім калегіўме, размешчаным на “Campo Santo Teutonico” у Ватыкане. Нямецкае выдавецтва “Herder” прадставіла грамадскасці кнігу пад назвай “Aus meinem Leben” (З майго жыцця).
Гэта адбылося ўсяго за некалькі тыдняў да трэцяй гадавіны смерці Бэнэдыкта XVI, што надало прэзентацыі асаблівую ўрачыстасць і настальгічны характар.
Ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі, які шмат гадоў працаваў поплеч з Папам, падчас свайго выступлення не хаваў энтузіязму. Ён акрэсліў гэтыя нататкі, якія месцамі нагадваюць асабісты дзённік, як сапраўдную “залатую жылу”, што дазваляе запоўніць лакуны ў велізарным даробку Пантыфіка.
Гэтае выданне разглядаецца і як своеасаблівая даніна павагі ў кантэксце набліжэння 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Ёзэфа Ратцынгера, які будзе адзначацца ў 2027 годзе.
Па словах кіраўніка Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI, духоўная прысутнасць спачылага Папы застаецца адчувальнай і сёння, асабліва сярод маладога пакалення, якое працягвае чэрпаць натхненне з яго думкі.
Крысціян Шалер, намеснік дырэктара “Інстытута Бэнэдыкта XVI” у Рэгенсбургу, які адыграў істотную ролю ў падрыхтоўцы кнігі, адзначыў, што новая публікацыя заклікана праліць святло на шчыльную ўзаемасувязь паміж асабістым жыццёвым шляхам і тэалагічнай думкай першага Папы з Баварыі. Ён таксама заўважыў, што на старонках успамінаў часта праблісквае “тонкае пачуццё гумару”, уласцівае Ратцынгеру.
Згодна з інфармацыяй выдавецтва, гэта 15-ы том збору твораў Ёзэфа Ратцынгера.
Нагадаем, што Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 ва ўзросце 95 гадоў, пакінуўшы пасля сябе багатую духоўную спадчыну.