Пошук

Брат Мэцью, прыёр “Супольнасці з Тэзэ”. Брат Мэцью, прыёр “Супольнасці з Тэзэ”. 

Сінадальнасць і моладзь: прыёр “Тэзэ” пра будучыню

Страта Касцёламі ўлады – гэта “неверагодны шанец” пачаць жыць уласным пасланнем, лічыць брат Мэцью, прыёр экуменічнай “Супольнасці з Тэзэ”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы жывём у цудоўны час, таму што Касцёлы губляюць уладу, яны становяцца беднымі”, - заявіў брат Мэцью ў інтэрв'ю швейцарскаму парталу cath.ch. Тое, што многіх палохае, для пераемніка брата Алоіза з’яўляецца крыніцай надзеі. Паводле яго слоў, менавіта гэта дае Касцёлу магчымасць вярнуцца да аўтэнтычнасці.

Пытанне ўлады і сінадальнасці

Прыёр з Тэзэ прызнаў, што пытанне ўлады вельмі складанае. Ён нагадаў, што Касцёл “прычыніў боль многім людзям, нават у Тэзэ, дзе мелі месца сексуальныя злоўжыванні”. Супольнасць, паводле яго слоў, зараз актыўна вучыцца, як абыходзіцца з гэтай праблемай, “і мы дазваляем іншым дапамагаць нам у гэтым”.

Брат Мэцью рашуча падтрымаў прынцып сінадальнасці, ініцыяваны Папам Францішкам і працягнуты яго наступнікам Львом XIV. “У Тэзэ мы спрабуем рэалізаваць сінадальнасць. Рабочыя групы з некалькіх братоў разам разважаюць над рознымі сферамі жыцця супольнасці”, - падзяліўся ён, дадаўшы, што хоць гэта і патрабуе часу, “гэта шлях, якім мы павінны ісці”.

Моладзь, цішыня і “вязні алгарытмаў”

Гаворачы пра тое, што нязменна прыцягвае моладзь у вёску Тэзэ, брат Мэцью адзначыў, што “ў гіперзвязаным свеце маладыя людзі маюць патрэбу ў прасторы, дзе яны могуць быць самімі сабой перад Богам разам з іншымі”.

Ён заўважыў, што маладыя людзі лёгка далучаюцца да супольнай малітвы, спеваў і хвілін цішыні. “Для многіх з іх менавіта цішыня з'яўляецца тым, што ўражвае найбольш”, - сказаў прыёр.

Моладзь інстынктыўна сінадальная

Паводле брата Мэцью, маладыя людзі шукаюць бяспечную прастору, дзе яны могуць быць разам і свабодна абменьвацца думкамі. “Маладыя людзі інстынктыўна сінадальныя”, - сцвярджае ён у інтэрв’ю “KNA”, падкрэсліваючы, што абмен думкамі ў малых групах і ўзаемнае слуханне практыкуюцца ў Тэзэ ўжо дзесяцігоддзямі.

Сур’ёзным выклікам сучаснасці ён назваў барацьбу з палярызацыяй. “Некаторыя з’яўляюцца вязнямі ўласнага алгарытму і не здольныя глядзець далей”, - адзначыў прыёр, заклікаючы сустракацца з такімі людзьмі і слухаць іх, не асуджаючы.

Брат Мэцью (у свеце Эндру Торп), англіканін па веравызнанні, стаў трэцім у гісторыі прыёрам “Супольнасці з Тэзэ” ў 2023 годзе. Экуменічная брацкая супольнасць была заснавана ў Бургундыі братам Ражэ пасля Другой сусветнай вайны і сёння аб’ядноўвае каля 80 братоў, католікаў і пратэстантаў.
 

16 лістапада 2025, 11:39