Тэолаг б'е трывогу: культура літургіі пад пагрозай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нямецкі літургіст Марцін Клёкенэр папярэдзіў аб нарастаючай страце элементарных ведаў пра літургію. Падчас дыскусіі ў Фрыбургу, як паведаміў швейцарскі партал kath.ch, тэолаг адзначыў, што сёння ўжо не з’яўляецца само сабой зразумелым веданне асноўных абрадаў і парадку каталіцкай літургіі.
На думку Клёкенэра, гэта пагражае стратай цэнтральнай часткі касцельнай культуры. Ён выказаў занепакоенасць адсутнасцю ў многіх парафіях належнай літургічнай адукацыі. “Дзе ў парафіях людзі, якія займаюцца літургіяй?” - задаў рытарычнае пытанне навуковец.
Эксперт прыйшоў да высновы, што цяперашні крызіс літургіі – гэта, па сутнасці, крызіс ведаў пра яе. Калі ў супольнасцях не будзе людзей, якія разумеюць і могуць перадаць глыбіню і сэнс літургічных абрадаў, Касцёл рызыкуе згубіць неад’емную частку сваёй спадчыны.