Турцыя чакае: да візіту Пантыфіка засталіся лічаныя дні
Ян Глінскі
Касцёл у Турцыі невялікі па колькасці, але жывы і разнастайны, з міжнародным характарам і сваёй ідэнтычнасцю. Каталіцкая супольнасць тут атаясамліваецца з асобай і вучэннем Папы. Пра жыццё мясцовых хрысціян распавялі для Vatican News дэлегат капуцынаў у Турцыі айцец Паола Пульезэ і пробашч катэдральнага касцёла Святога Духа ў Стамбуле айцец Нікола Маседу.
Хрысціянскія супольнасці ў гэтай краіне знаходзяцца ў Стамбуле, у Мер’ем Ана Эві, што недалёка ад Эфеса, дзе знаходзіцца Дом Марыі (там Маці Езуса жыла з апосталам Янам). На поўдні хрысціяне прысутнічаюць у Мерсіне, дзе ёсць адзіная ў рэгіёне каталіцкая парафія, і ў Антыёхіі, дзе Павел і Барнаба стварылі першыя абшчыны, якія паходзілі з язычнікаў, і дзе хрысціян пачалі так называць. Святы Пасад у краіне прадстаўляе аАпостальскі нунцый.
У Стамбуле, побач з католікамі, існуюць Цэрквы ўсходняй традыцыі: Армянская, Сірыйская і Халдэйская, а таксама праваслаўныя пад кіраўніцтвам Патрыярха Варфаламея і мноства супольнасцей, блізкіх да пратэстантызму.
“Мы не можам забываць, – адзначыў айцец Маседу, – што Касцёл прысутнічае тут з першых стагоддзяў. Тут служылі шэсць апосталаў: Пётр, Андрэй, Павел, Філіп, Барталамей і Ян. Мы зробім гэтае сведчанне бачным, падарыўшы Льву выразаны ўручную келіх з іх рэльефнымі выявамі”.
Турцыя адзначаецца таксама багатай гісторыяй святых, якія жылі або нарадзіліся ў гэтай краіне: Ігнацый з Антыёхіі, Васіль, Палікарп, Ян Залатавуст і Анджэла Ранкалі, будучы Папа Ян XXIII, які дзесяць гадоў служыў біскупам у Стамбуле і “адсюль зрабіў свой унёсак, дзякуючы ўмяшанню нямецкага пасла Франца фон Папена, у выратаванне не менш за 24 тысячы габрэяў”.
На думку айца Пульезэ, бачнасць Касцёла ў міжнародных палітычных ці сацыяльных пытаннях гарантуецца Папам. “Спачатку Францішак, а цяпер Леў, напрыклад, па пытанні Газы, асабіста сказалі важныя словы, калі іншыя маўчалі”, - нагадаў дэлегат капуцынаў у Турцыі і адначасова ўказаў, што гэта “дапамагло павысіць аўтарытэт” лакальнага Касцёла.
Па словах капуцына, гэтая бачнасць і аўтарытэт сталі фактарамі, што прыцягваюць моладзь, а таксама шматлікіх туркаў, якія адкрываюць свае карані і хочуць стаць хрысціянамі. “Гэта робіць катэхетычную дзейнасць неабходнай”, - дадаў законнік.
Абодва святары перакананыя, што Турцыя карыстаецца “абсалютным прывілеем” у экуменічным дыялогу. “Мы ўсе меншасці, што дапамагае дыялогу, адносінам і ўзаемнаму прызнанню такім спосабам, якога не ведаюць у іншых месцах”, - падкрэсліў айцец Пульезэ.