Епіскапат ЗША: новае кіраўніцтва і старыя выклікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў (USCCB) падчас восеньскай пленарнай асамблеі ў Балтымары 11 лістапада 2025 года абрала новага старшыню і віцэ-старшыню. Імі сталі адпаведна арцыбіскуп Пол С. Коклі з Аклахома-Сіці і біскуп Даніэль Э. Флорэс з Браўнсвіла. Гэта першая змена кіраўніцтва канферэнцыі з пачатку пантыфікату Папы Льва XIV, які паходзіць з ЗША.
Галоўныя выклікі: палітычная палярызацыя і іміграцыйны крызіс
У сваёй развітальнай прамове арцыбіскуп Цімаці П. Броліа, які завяршыў сваё служэнне на пасадзе старшыні, звярнуў увагу на небяспеку палярызацыі. Ён з жалем адзначыў, што некаторыя вернікі “ахвотней слухаюць гучныя слоганы, сірэн палітычнага дыскурсу”, чым сваіх пастыраў.
Іерарх нагадаў, што Езус ужо назваў “экзаменацыйныя пытанні” для апошняга суда, атаясамліваючы сябе з галоднымі, са смаглымі, бездапаможнымі, ненароджанымі і вязнямі. “Нікога не павінна здзіўляць, калі мы абараняем ненароджаных, задавальняем асноўныя патрэбы імігрантаў, выступаем за іміграцыйную рэформу”, - падкрэсліў арцыбіскуп.
Апостальскі нунцый у ЗША, кардынал Крыстоф П’ер, у сваёй першай прамове ў якасці прадстаўніка Папы, акрэсліў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору як “карту для далейшага падарожжа”.
Ён падкрэсліў, што Леў XIV працягвае шлях, асветлены Папам Францішкам, які грунтуецца на саборнай канцэпцыі Касцёла – місійнага, радаснага і звернутага да свету. Кардынал П’ер заклікаў супрацьстаяць падзелам і палярызацыі, якія “разбураюць хрысціянскае сведчанне”, і ісці сінадальным шляхам.
Нязменны курс: вернасць вучэнню Другога Ватыканскага Сабору
Тэма іміграцыі стала адной з ключавых на асамблеі. У сваім пасланні да Папы Льва XIV амерыканскія біскупы запэўнілі, што “працягнуць стаяць на баку мігрантаў і абараняць права кожнага вызнаваць сваю веру без запалохвання”.
Іерархі выказалі глыбокую занепакоенасць жорсткай іміграцыйнай палітыкай адміністрацыі прэзідэнта Трампа, у тым ліку “прыхільнасцю да масавых дэпартацый”. Асаблівае абурэнне выклікаюць выпадкі, калі затрыманым мігрантам, у тым ліку католікам, адмаўляюць у доступе да сакрамэнтаў.
Сярод іншых пытанняў, якія абмяркоўваліся на асамблеі, былі магчымыя змены ў “Этычных і рэлігійных дырэктывах для каталіцкай медыцынскай дапамогі”, зацвярджэнне працэсу беатыфікацыі езуіта айца Рычарда Томаса, а таксама анансаванне новага англійскага перакладу Бібліі пад назвай “Каталіцкая амерыканская Біблія”, выданне якога запланавана на 2027 год.