Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агульнабеларуская навэнна, юбілей біскупа, сустрэча касцельных рухаў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя "Vatican News". Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У парафіях Беларусі праходзіць другі дзень Агульнабеларускай навэнны. З нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі 1 лістапада 2025 года набажэнства "Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!" праводзяць у парафіях, а 8 лістапада яно пройдзе ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе. Малітва навэннай у парафіях ва Урачыстасць Усіх Святых адбываецца з Фацімскім ружанцам.

Біскуп Пінскі цэлебраваў святую Імшу ў 45-гадавіну пасвячэнняў. 28 кастрычніка 2025 года біскуп Антоні Дзям’янка на Эўхарыстыі ў пінскай катэдры дзякаваў Богу за 45 гадоў свайго святарскага служэння. Звяртаючыся да сабраных на літургіі вернікаў, ён узгадаў свой пройдзены шлях, асоб – духоўных, кансэкравваных і свецкіх, якія яму дапамагалі. На заканчэнне святой Імшы вернікі катэдральнай парафіі павіншавалі біскупа і выказалі ўдзячнасць за яго шматгадовае служэнне.

Біскуп Гродзенскі правёў у парафіі Святога Духа катэхезу. 30 кастрычніка 2025 года біскуп Уладзімір Гуляй сустрэўся з наведвальнікамі катэхез у гэтай гродзенскай парафіі і прысвяціў свой выступ тэме надзеі. Іерарх разважаў аб цноце надзеі і аб тым, што рабіць, каб яна не стала звычайнай і незаўважальнай. Ён звярнуў увагу на тое, што фундамент надзеі – крыжовая ахвяра Езуса Хрыста, і распавёў, як цесна звязаны з гэтай надзеяй сэнс жыцця. Біскуп адзначыў, што надзея мае дынамічны характар, яна актыўная і яе сімвалам з’яўляецца крыж.

Дыяцэзіяльная сустрэча колаў Ружанца прайшла ў Капцёўцы. 25 кастрычніка 2025 года ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай сабраліся члены ружанцовых колаў розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Яны ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, маліліся аб міры ва ўсім свеце, за ўсе сем’і дыяцэзіі і ўсіх членаў ружанцовых колаў мясцовага Касцёла – як жывых, так і памерлых. Віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз Антоні Грэмза выступіў з канферэнцыяй і адзначыў, што малітва Ружанца з’яўляецца тыпова медытацыйнай і сузіральнай, падсумоўвае ўсё Евангелле і што медытацыя падчас гэтай малітвы азначае даручэнне сваіх клопатаў міласэрнаму Сэрцу Езуса і Сэрцу Ягонай Маці.

Дыяцэзіяльная сустрэча Апостальства дапамогі душам чысцовым адбылося ў Полацку. 25 кастрычніка 2025 года ў касцёле святога Андрэя Баболі прайшла чацвёртая сустрэча груп, якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была Эўхарыстыя, якую цэлебраваў пробашч полацкай парафіі ксёндз Францішак Кісель. Ён падкрэсліў, што "наша вера і служэнне – гэта вялікая надзея, як для сябе так і для іншых, так і для душ у чыстцу; мы ведаем, што Езус – уваскрасенне і жыццё, ведаем, што наша малітва мае моц".

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, catholicnews.by, pinskdiocese.by і ўласнай інфармацыі.
 

01 лістапада 2025, 10:03